Як Зянон аддаў Вільню, а Рыгоравіч «Пагоню»

Дыптых пра тое, чаму дзьве галоўныя постаці гісторыі Беларусі 20 стагодзьдзя павінны лічыцца аднымі з галоўных гістарычных постацяў сучаснае Літвы. А таксама чаму ў Літве павінны пры жыцьці кананізаваць ды паставіць залатыя статуі сьвятых Зянона й Рыгоравіча, і ўзяць на ўтрыманьне ўсіх іхных нашчадкаў да стотысячнага калена. (русская версия здесь)

Чаму я называю гэтыя дзьве постаці галоўнымі ў гісторыі 20 стагодзьдзя Беларусі ды Літвы? Спадзяюся, стане зразумела па меры чытаньня. Калі сумняваецеся, што стане зразумела — прапаную спыніць чытаньне ды перажагнацца хросным знакам падвойнага літоўскага крыжа. Можна і перазьвязьдзіцца.

Правая дошчачка дыптыха. Сьвяты Зянон

Гістарычнае тло

1990 год. Перабудова пераходзіць у разбурайку. У Маскве зьезд «Народных дэпутатаў» СССР. У Літве Саюдзіс на чале з прафэсарам Ляндсбэргісам. У Менску БНФ на чале з фатографам Пазьняком ды бясконцыя пасяджэньні Вярхоўнага Савета БССР зь яго ж удзелам. Пазьняк сябруе (як яму здаецца) з Ляндсбэргісам, які робіць выгляд, што сябруе з Пазьняком. У Літве Саюдзіс практычна замяніў (усё яшчэ) кіравальную ды накіроўвальную КПЛ, набраўшы сотні тысяч прыхільнікаў. У БССР БНФ масавай падтрымкай не карыстаецца, шальмуецца партыйнымі ды камсамольскімі ідэёлягамі, ды ўсяляк прыцясьняецца ўладамі. Рабацягі падтрымліваюць БНФ толькі ў частцы патрабаваньняў аб спыненьні Центровывоза стратэгічнай каўбасы ў Маскву. На нацыянальную ідэю і незалежнасьць ім начхаць — на рэфэрэндуме 1991 году супраць яе (за захаваньне СССР) выказаліся 82,7% тутэйшых людцаў, якія галасавалі. Таму свае Соймы пазьнякоўскі БНФ праводзіць у Вільні. Мінскас-Вільнюс, Мінскас-Вільнюс, літовец зь беларусам браты навек, Пазьняк ды Ляндсбэргіс слухаюць нас …

І вось у сакавіку 1990 году Літва з падачы Саюдзіса абвяшчяе аб выхадзе са складу СССР . Прыхільнікі БНФ радуюцца, цешачыся канцу крывавай маскоўскай акупацыі братняга народу, спадзеючыся, што той дапаможа і ім скінуць ярмо Арды. Як дапаможа — незразумела, але дапаможа. Братэрскі ж, з аднаго ВКЛ, ва ўсіх Пагоні, і Пазьняк з Ляндсбэргісам сябруюць…

Як Пазьняк беларускую зямлю Ляндсбэргісу аддаў

І вось тут у бой уступаюць ўсё яшчэ моцныя (былі і абкамы-гаркамы-райкамы, і ЦК КПБ, і артыкул у Канстытуцыі аб кіруючай і накіроўваючай ) камуністы БССР. Першым, як я цяпер памятаю, на гэтую тэму выказаўся першы сакратар Гарадзенскага абкаму Ўладзімер Сямёнаў , які мог бы стаць аналягам беларускага Ельцына, не сустрэнь ён супраціў з аднаго боку аднапартыйцаў-рэтрагадаў, а з другога — антыкамуністаў у асобе БНФ і «дземакратаў ваабшчэ» — як звалі нацыяналісты іншыя (не акрэсьлена нацыяналістычныя) апазіцыйныя камуністам палітычныя тусоўкі накшталт правобразу цяперашняй АГП. Сямёнаў заявіў, што калі літоўцы хочуць выйсьці з СССР, няхай выходзяць, толькі спачатку яны павінны вярнуць тэрыторыі, перададзеныя ім у якасьці платы за ўваходжаньне ў СССР, што тады ўваходзілі ў склад БССР, Вільні ды Віленскага краю .

Па «Дамове аб перадачы Літоўскай Рэспубліцы горада Вільні ды Віленскай вобласьці і аб узаемадапамозе паміж Савецкім Саюзам і Літвой» ад 10 кастрычніка 1939 году частка Віленскага краю з горадам Вільняй была перададзеная Літве. Гэтая частка складала тэрыторыю ў 6909 км² з 490 тыс. жыхароў.

Тут усё проста як кірзавы бот савецкага салдата. Увайшлі ў СССР — атрымайце кавалак БССР у якасьці закладу, выйшлі — зьвярніце яго назад ранейшым гаспадарам. Торг тут, як сказаў бы вядомы пэрсанаж, недарэчны. Для таго, каб гэта нагадаць, не было патрэбы ў вялікіх патрыятызьме, нацыяналізьме ды іншых ізмах. Бізнэс — нічога асабістага. І то нагадвалі, шматкроць…

Пытаньне было ўзьнятае на ўзроўні ВС БССР і нават вынесена на разгляд ВС СССР, але не атрымала далейшага разьвіцьця ў выніку процідзеяньня тых, хто змагаўся супраць КПБ за ўладу і ўплыў. У першую чаргу БНФ пад кіраўніцтвам Пазьняка, які, як ужо было сказана, сябраваў з Саюдзісам і Ляндсбэргісам супраць заглотнаго камуністычнага савецкага рэжыму, разьлічваючы, што тыя дапамогуць скінуць ненавісных камунякаў, прагнаць маскалёў і стацца незалежнай Эўрапейскай дзяржавай. Таму Зянон Пазьняк затаўраваў ініцыятыву Ўладзімера Сямёнава камуняцкай антыдэмакратычнай правакацыяй і разгарнуў, што гэны Ўльянаў-Ленін, агітацыю ды прапаганду супраць вяртаньня згаданых тэрыторый БССР.

Для тых, хто чытаў гісторыю (па спасылцы вышэй) выхаду ЛітССР з СССР, нагадваю, а тым, хто не чытаў, паведамляю — ад моманту дэкляратыўнага абвяшчэньня незалежнасьці да яе рэальнага дэ-факта атрыманьня мінула паўтара году. Паўтара году, Карл! І ўвесь гэты час Пазьняк і актывісты БНФ ваявалі за тое, каб Вільня ды Віленскі край не зьвярнулі беларусам.

«Дземакратам ваабшчэ» і большасці насельніцтва, як я ўжо сказаў, было на гэта начхаць. Каўбасны бунт 1991 гаду з масавым прыходам у працоўных робах і сьпяцоўках рабацягаў на плошчу Леніна быў выкліканы не жаданьнем зрынуць заглотны рэжым(с) Вайновіч-Масква-2042 ці здабыць незалежнасьць, а павышэньнем цэн у завадской сталоўцы. Я там быў, таму асабіста ў курсе тых падзеяў.

Вось як тлумачыць сваю тагачасную пазыцыю сам Зянон Пазьняк:

У пачатку 1990 году Сэйм Летувы, дзе бальшыню дэпутатаў складалі сябры Саюдзіса, рыхтаваўся да аб’яўленьня незалежнасьці краіны. Масква, перашкаджаючы прыняцьцю такога рашэньня, зьвярнулася да геапалітычнай аргумэнтацыі, закладзенай Сталінам, і выкарыстала сваіх халуёў у кіраўніцтве Беларусі. Тагачасны Старшыня Вярхоўнага Савета БССР ХІ-га скліканьня Мікалай Дземянцей выступіў пад дыктоўку Масквы з заявай аб вяртаньні Вільні і Віленшчыны Беларусі у выпадку, калі Сэйм Летувы прыме рашэньне аб незалежнасьці. Масква, аказваецца, усё ведала і памятала і пра Беларускую сталіцу, і пра этнічна беларускую тэрыторыю і г.д. І вырашыла прывесьці ў дзеяньне міну, закладзеную Сталінам.

Гісторыя гэтай правакацыі вядомая. Дэлегацыя дэпутатаў Вярхоўнага Савета ад Беларускага Народнага Фронту і прадстаўнікоў БНФ правяла перамовы з кіраўніцтвам і прадстаўніцтвам Сэйму Летувы. Ніхто ня верыў у сур’ёзнасьць намераў М. Дземянцея. З нашага боку была выказана падтрымка незалежнасьці Летувы ў межах Літоўскай ССР. З боку спадара Ляндсбэргіса, прадстаўнікоў Сэйму і Саюдзіса былі дадзеныя гарантыі аб спасьцераганьні нацыянальных правоў аўтахтоннага беларускага насельніцтва Віленшчыны, аб адкрыцьці беларускіх школаў, беларускага радыё, перадачаў тэлебачаньня на беларускай мове, аб вольных магчымасьцях перасячэньня мяжы для беларусаў Віленшчыны і г.д. Усё гэта было адзначана і падпісана ў сумеснай заяве, якую зьмясьцілі ў друку.

А вось цытата Пазьняка ўжо зь іншага яго артыкулу:

Успамінаюцца таксама надзвычайныя падзеі 1990 года. 11 сакавіка Летува абвясьціла аднаўленьне незалежнай дзяржаўнасьці. Масква абурылася, і 29 сакавіка 1990 года Прэзыдыюм Вярхоўнага Савета БССР (за подпісам М. Дземянцея) запатрабаваў ад ЛССР вярнуць Беларусі Вільню і прылеглыя беларускія тэрыторыі.

У Вільні шок. З Саюдзіса пастаянна званілі ў БНФ, прасілі прыехаць дапамагчы ўладзіць пытаньне. Мы цудоўна разумелі, што гэта несур’ёзная маскоўская гульня, што М. Дземянцей круглая пешка і што Крэмль хоча зьнішчыць БНФ і ўмацаваць у Вільні камуністаў.

Трэцяга красавіка ў адмысловым паведамленьні БНФ ацаніў намеры Масквы і выступ Дземянцея як «палітычны шантаж». Ня больш. Ніхто сур’ёзна заявы Дземянцея не ўспрымаў. Такія, як Дземянцей, ніколі ня будуць змагацца за вяртаньне Вільні. Яны (камуна-расейскае кіраўніцтва БССР) не пярэчылі Сталіну і здалі Вільню, растаптаўшы волю віленчукоў (70-тысячны мітынг аб далучэньні да Беларусі), гатовыя былі прадаць Маскве ўсю Беларусь і сто разоў самы прадацца.

14 красавіка БНФ накіраваў дэлегацыю ў Вільню, дзе мы супакоілі напалоханых саюдзістаў і прынялі сумесную заяву дэпутатаў Сэйму ад Саюдзіса і дэлегацыі БНФ. Згодна гэтай заявы ў Вільні павінны былі зьявіцца і беларускае радыё, і тэлебачаньне, і беларуская школа, і інш.

Як бачым, ні ценю раскаяньня, ні шкадаваньня, ні сумневу. Усе халуі, а адзін ён д’Артаньян. Ва ўсім былі вінаватыя Дземянцей і заглотные камунякі.

А вось і, як цяпер модна казаць, кармічная адплата.

Потым да ўлады прышлі людзі з кароткай памяцьцю і, ужо будучы ў эміграцыі, я ўвесь час меў праблемы з уязнымі візамі ў Вільню.

Нягледзячы на тое, у 2009 годзе, напрыклад, дэлегацыя кіраўніцтва КХП – БНФ мела вельмі прыстойныя палітычныя перамовы са старшынёй Камісіі Сэйма Летувы па Замежных справах, з намесьнікам міністра Замежных спраў і іншымі прыстойнымі спадарамі. Шмат аб чым добрым дамовіліся, але выканалі ўсё нашы прыяцелі на адзін адсотак.

Вышэйшы пілатаж сучаснай мэнтальнасьці адбыўся восеньню 2010 года. Зь беларускай здымачнай групай я выехаў зь Вільні ў Дзявенішкі і аказалася, што забыўся ўзяць з сабой патрэбны дакумант (пасьведчаньне асобы) неабходны ў памежнай зоне. Заехалі ў памежны атрад. Там мяне памяталі яшчэ з часоў Саюдзісу, папілі кавы, пагаварылі, успомнілі былыя гады і зьбіраліся расставацца без складаньня фармальнасьцяў. Але старэйшы кажа, што па інструкцыі варта ўсё ж праінфармаваць у гару (гэта значыць туды, нашым знаёмцам, дзе мы год таму міла перамаўляліся). Пасьля званка да нашых партнёраў па перамовах старэйшы вярнуўся зьбянтэжаны да крайнасьці і ў вочы не глядзіць. Прышлося мне званіць у Вільню і прасіць, каб сябры прывезьлі мой дакумант асобы. Прывезьлі. Нумар яго запісалі ў патрэбную графу і мы, страціўшы амаль дзьве гадзіны часу, ад’ехалі, суправаджаемыя словамі прабачэньня памежнікаў.

Так і хочацца працытаваць гогалеўскага Тараса Бульбу: «Ну што, сынку Зяноне, дапамаглі табе твае ляхі лабусы»?

Натуральна, Пазняк тут толькі бачная частка — як Ленін на бганевічку. Пытаньне ў тым, як столькі людзей падтрымалі глупства Пазьняка? Замест слова «глупства» дарэчы будзе ўжыць іншыя словы, уключаючна з мацюкальнымі. За людзей не скажу, але я адчуваў тады тыповы кагнітыўны дысананс. З аднаго боку, было відавочна, што трэба хапаць мяшкі, пакуль вакзал яшчэ толькі адыходзіць, з другога — Пазьняк быў для мяне беспярэчным аўтарытэтам, і я (наіўна) верыў у тое, што ў містэра Фікса Пазьняка ёсьць плян. О санкта сімпліцытас! — як сказаў бы Ян Гус.

Левая дошчачка дыптыха. Сьвяты Рыгоравіч

Тое, што Пазьняк дамогся бяздзейнасьці ўладаў СССР і БССР, і літоўцы пакінулі сабе беларускую тэрыторыю, было яшчэ паўбяды (нашай) і паўперамогі (іх). Не пагадзіся потым з гэтым новаабвешчаная дзяржава РБ, у літоўцаў былі б велізарныя праблемы што да міжнароднага права. У NATO ды Эўразьвяз зь невырашанымі тэрытарыяльнымі прэтэнзыямі з боку суседняй дзяржавы, а тым больш саюзьніка Расеі, іх бы ніколі не прынялі. І жылі б яны ў стане накшталт непрызнанай Макэдоніі пад назвай нешта тыпу «Былая савецкая рэспубліка Літва» бясконца доўга.

Але літоўцаў выбавіла новая ўлада РБ, што юрыдычна адмовілася ад усіх прэтэнзыяў на свае ранейшыя тэрыторыі і якая замацавала новыя межы. Вось як гэта апісана на сайце Пасольства РБ у Літве.

6 лютага 1995 г. Прэзыдэнт Беларусі А. Лукашэнка ды Прэзыдэнт Літвы А. Бразаўскас падпісалі дамову «Аб добрасуседскіх і дружалюбных адносінах». 5 верасьня 1997 г. у Літве знаходзіўся з візытам А. Лукашэнка, дзе прыняў удзел у міжнароднай канфэрэнцыі «Суіснаваньне народаў і добрасуседскія адносіны».

А каб прэтэнзыяў не было нават на ўзроўні сымболікі, яе ў РБ таксама зьмянілі. Я добра памятаю, як выступаючы напярэдадні рэфэрэндуму 1995 году яго ініцыятар у якасьці аднаго з аргумэнтаў адмовы ад «Пагоні» сказаў: «Бразаускас мне гаварыт: ты пачэму, Александр Грыгоръевіч, мой герб узял? А я атвячаю: не брал я, не нужэн он мне!» Можа, усё гучала ня так даслоўна, тэлезапісу таго выступу я не знайшоў — толькі фота з экрану тэлевізара з прэзэнтацыі сваёй сымболікі ў ВС РБ, але я менавіта так запомніў.

P.S. Колькі б цяпер тутэйшыя людзі (і як бы яны сябе пры гэтым ні называлі — беларусы ці літвіны) ні казалі пра аднаўленьне гістарычнае справядлівасьці, позна піць баржом. Пра вяртаньне тэрыторыі і думаць няма чаго, а пра вяртаньне назвы краіны «Літва» можна толькі тэарэтычна марыць з аглядкай на «Паўночную Макэдонію». Ды й тое, моцна я сумняюся, што цывілізаваныя эўрапейцы дазволяць рускім са знакам качаства перайменавацца хаця б у «Паўднёвую Літву».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

4 × 1 =