The United States of Leetwa

Уладзь Бараніч

Футурыстычнае апавяданьне

Праз 100 гадоў тэрыторыя з назвай Беларусь будзе месьціцца недзе паміж Смаленскам і Саратавам. На месцы ж сучасных Беларусі, Літвы, Караляўца, часткі Латвіі й часткі Ўкраіны паўстануць Злучаныя Штаты Літвы (The United States of Leetwa). Большасьць насельніцтва новай Літвы будуць складаць нашчадкі эмігрантаў з Паўночнай Амэрыкі і Аўстраліі. Гэтыя два кантынэнты зробяцца непрыдатнымі для жыцьця — спачатку з-за частковага іх вынішчэньня расейска-кітайскімі ракетамі, а пасьля з-за глябальнага пацяпленьня і тэктанічных зрухаў, у выніку якіх большасьць прыдатных для існаваньня земляў будзе затопленая. Расея пасьля кітайскай навалы распадзецца, і «ісьцінна» славянскай застанецца невялікая тэрыторыя ад Смаленску да Саратава, дзе атабарацца «рускаязычныя» і праваслаўныя ўцекачы з амэрыканізаваных і пратэстанцкіх ЗШЛ. Дзяржаўнай мовай тут будзе «рускі язык» — нашчадак сёньняшняй беларускай трасянкі. Гэтая “Беларусь” зробіцца буфэрнай зонай паміж ЗШЛ і Кітаем, зазнае жахлівай галечы й адсталасьці, а ейнае насельніцтва будзе знаходзіцца на гуманітарным утрыманьні ААН.

Дзяржаўнай мовай Злучаных Штатаў Літвы (USL) зробіцца амэрыканскі варыянт ангельскай мовы, які пачне дамінаваць на гэтых землях яшчэ за 80 гадоў да апісаных падзеяў, калі сюды, ратуючыся ад перасьледу чорных мусульманаў, пачнуць перасяляцца белыя хрысьціяне (пратэстанты і каталікі), а таксама габрэі. Праўда, каталікі, пасьля радыкальнай рэформы каталіцкай царквы пры Папу, які зьменіць Яна Паўла II, зробяцца падобнымі да сучасных пратэстантаў-харызматаў. Дзяржаўны лад ЗШЛ паўстане на аснове Статута Вялікага Княства Літоўскага і сучаснай канстытуцыі ЗША. Кіраваць краінай будуць Генэральны Канцлер (Chancellor General) і дзьвюхпалатны Сэйм (Seym) з Палатай прадстаўнікоў і Сэнатам.

Перасяленцы адаптуюць усе назвы і тапомнімы да ангельскамоўнага вуха. Каб не вымаўляць назву краіны «лайтва», яе напісаньне зьменіцца на больш звыклае для амэрыканцаў «Leetwa». Да таго ж яно будзе нагадваць ім пра тое, што на гэтай зямлі яны знайшлі прытулак (lee). За Мэнскам (Mensk), буйным эканамічным цэнтрам, застанецца статус сталіцы штату. Праўда яго радыкальна перабудуюць, і ўласна Мэнскам будзе толькі адміністратыўна-дзелавы даўнтаўн, а спальныя мікрараёны заменяцца прыватнымі дамамі накшталт сучасных амэрыканскіх прыгарадаў. Ад старога Мэнску застанецца толькі Ancient City — былое Траецкае перадмесьце, перайменаванае ў Пазьняк Таўн, ды адрэстаўраваныя старыя кварталы Нямігі. Аднайменная рака будзе вернутая з каналізацыі ў гістарычнае рэчышча. Адноўлены ў першасным выглядзе драўляны дзядзінец пад назвай Мэнэск станецца адной з асноўных турыстычных атракцыяў, як і музэй драўлянага дойлідзтва ў Строчыцы, які зробіцца музэем гісторыі і тэхналёгіі, накшталт Greenfield Village пад Дэтройтам. На Фрэнсіс Скэрына Эвэнью будуць высіцца чатырохсотпавярховыя хмарачосы фінансавага цэнтру сьвету. Сталіцай зробіцца ціхі правінцыйны Ўілнас (Wheelnus), былая Вільня з колам ровара на гербе.

Са старых помнікаў у Мэнску застануцца толькі помнікі Янку Купалу і Якубу Коласу. Помнік Янку К’юпалу (Yanka Qupala — з націскам на першы склад) зробіцца месцам паломніцтва турыстаў, паколькі ў паспалітай сьвядомасьці паэт будзе лічыцца «бацькам» нацыі: ва ўсім сьвеце нас будуць зваць не «бульбашамі», а «янкамі». Бульба наагул страціць статус прадукту харчаваньня з прычыны шкоднасьці для здароўя. Замест яе вельмі папулярнай зробіцца зацірка хуткага прыгатаваньня «Анкл Колас» (Uncle Kolas) з выявай Якуба Коласа на пачку. Сетка рэстарацыяў хуткага харчаваньня «Цётка-бургер» будзе прапаноўваць традыцыйныя нацыянальныя стравы: пратэінавыя каўбаскі ды соевую мачанку.

Ад былой беларускай літаратуры застанецца толькі перакладзены на ангельскую мову Алекс Разанаў (Alex Razanaw). У масавай сьвядомасьці ён будзе лічыцца клясыкам ангельскай, а дакаладней, літванскай (Leetwan) літаратуры. Пра ягоную беларускасьць змогуць распавесьці хіба ўнівэрсытэцкія прафэсары. Актывісты таварыства літванскай мовы імя Ноя Ўэбстэра будуць змагацца супраць пранікненьня ў яе германізмаў, кітаізмаў ды слэнгавага вымаўленьня беларуска-ўкраінскага «h» замест літаратурнага ангельскага. Тэатры й кінатэатры зьнікнуць, замест іх зьявяцца кампутарныя праграмы віртуальнай рэальнасьці, а таксама інтэрактыўнае сусьветнае сеціва. На школьных іспытах вучні будуць блытаць Лінкальна з Каліноўскім, Сапегу з Джэфэрсанам, а Адамса з Адамкусам. Выявы ўсіх гэтых дзеячоў апынуцца на талерах — нацыянальнай валюце ЗШЛ.

Наступствы чарнобыльскай аварыі зьліквідуюць, з экалёгіяй наагул усё будзе о’кей. Праўда, з-за вялікай колькасьці насельніцтва (блізу 300 мільёнаў) для лясоў месца застанецца ня дужа шмат. Будзе некалькі буйных нацыянальных паркаў, але большасьць зямлі пойдзе пад сельскагаспадарчыя патрэбы, індывідуальнае жытло ды прамысловыя аб’екты. Росту насельніцтва паспрыяе вялікі ўплыў на грамадзтва Бібліі і пурытанскіх каштоўнасьцяў — словы «пладзецеcя і множцеcя» набудуць літаральнае значэньне. Дамінуючымі канфэсіямі стануцца кальвіністы, баптысты, каталікі-харызматы і юдзеі. Праваслаўе абвесьцяць дэструктыўнай сэктай і забароняць. Садомскі грэх (гомасэксуалізм і лесьбіянства) будзе карацца катаваньнем да сьмерці праз узьдзеяньне токамі высокай частаты на ўжываныя не па прызначэньні органы. Аборт будзе лічыцца забойствам і карацца выкіданьнем у адкрыты космас. Увогуле, Крымінальны кодэкс, сфармаваны часткова па старазапаветных канонах, а часткова па Статуце ВКЛ, зробіцца вельмі суровым. З-за гэтага ўзьнікне пэўная напружанасьць у адносінах ЗШЛ з краінамі Эўрапейскага Зьвязу. Але да вайны ня дойдзе, бо пасьля амэрыканска-кітайскага канфлікту ацалелыя краіны здолеюць ваяваць адно на кампутарных сымулятарах.

Тэкст быў напісаны ў 2001 годзе для Нашай Нівы ў рамках праэкту «Якой будзе Беларусь праз 100 гадоў».

Наша Ніва № 35 (244), 27 жніўня 2001 г.
https://nn.by/?c=ar&i=95784

The United States of Leetwa: 1 комментарий

  1. Ага, помню гэты праекцік («Беларусь праз 100 гадоў»), сам удзельнічаў. Здаецца, рэдакцыя абяцала, што «з гэтага выйдзе кніга», а выйшаў толькі артыкул-падсумаванне ад аднаго з нашаніўскіх Андрэяў 🙂

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *