Хуліганы-героі

Байка ад Марата Казея, піянэра-героя з гранатай, пра тое, як мае аднаклясьнікі за савецкім часам над Опэрным тэатрам бел-чырвона-белы сьцяг павесілі.

Быў у гісторыі найноўшай Беларусі ды беларускага нацыянальнага руху эпізод, пра які мала хто ведае, ня тое што памятае. Ці то ўвесну 1986 году, ці то 1987 году (я зараз дакладна не памятаю – але тое было, калі Зянон Нямігу капаў) у цэнтры Менску над Опэрным тэатрам цэлы дзень лунаў бел-чырвона-белы сьцяг – ад адзінаццатай вечара пятніцы да гадзін шасьці вечара наступнага дня ў суботу. Я тады пра тое даведаўся ад свае маці, якая працавала ў “Доме мадэляў” у лябараторыі па выпрабаваньні тканінаў, куды КДБ прывезла на экспэртызу сьцяг: з чаго зроблены, як пашыты, якімі ніткамі і г.д. Доўгі час ніхто ня ведаў герояў, бо тыя не прызнаваліся. Не прызнаюцца й дагэтуль. Але я даведаўся. Балазе піянэр-герой Марат Казей стаіць побач з маёй 24 школай (цяпер гімназіяй) і побач з Опэрным тэатрам, які меў над нашай школай шэфства, што праяўлялася ў тым, што нас заўсёды прымушалі набываць квіткі на опэры ды балеты там. І вось прыйшоў час падшэфным узяць шэфства над шэфамі. І павесілі яны над імі бел-чырвона-белы сьцяг. Віка і Славік, мае аднаклясьнікі. Славік быў вядомы школьны хуліган, а Віка пасьля школы прыйшла ў Талаку. Талакоўка ды хуліган – сіла! Як раз для гераічнай опэры.

На фота мы ўсе — і Віка, і Славік, і я, які пераказаў гэтую байку.

Ледзь не забыўся. Гэта ўсё і вучні Вінцука Вячоркі, які выкладаў нам беларускую мову ды літаратуру ў якасьці студэнта-практыканта. Вось такая пераемнасьць пакаленьняў.

——————————————-

P.S. Талакоўка не дазволіла называць прозьвішча хулігана, бо жывучы ў ЗША баіцца, што яго тут за гэта рэпрэсуюць — нават праз 32 гады. Нават традыцыйнае амэрскае «права на забыцьцё» згадала. Мне, беламу нэгру з Афрыкі ў цэнтры Эўропы, на яго начхаць, але просьбу задаволіў. Таму давялося распавесьці ў выглядзе байкі. Калі Славік захоча, што той Вядзьмак Лысагорскі, публічнага прызнаньня, хай спасылаецца на гэты здымак. Іх тут два — Славікаў, але той, што ня гэны, аспрэчваць ня будзе. А талакоўку і так усе абазнаныя ведаюць…

І дзе болей свабоды — у ЗША ці РБ?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

шесть + 3 =

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.