Ян Максімюк у ролі валаамавай асьліцы

Мэмуар зь нізкі “Радыё Свабода”, які мае выключна “богашукальніцкі” і душавыратавальны сэнс безадносна да згаданай чалавечай асобы, што выступае адно ў ролі Божага проксі (голасу). Ваяўнічым бязбожнікам яго лепей не чытаць. Калі Бог не абраў іх для вечнага жыцьця, нічога апроч блюзьнерства гэты тэкст для іх не спародзіць.

Як эвангельскі вернік (хаця й без канфэсыйнае прыналежнасьці — двойчы расстрыга), які ўсё ў гэтым жыцьці мерае з волі Божай, я лічу, што тут Творца вельмі жорстка іранізуе, што звычайна ў сьвецкім лексыконе называецца «іронія лёсу». Паколькі ня ўсе ведаюць Біблію, раю спачатку пачытаць пра гэты эпізод.

Я ўжо ня раз згадваў, што тамака на радзіве ў Празе я быў выключна ў ролі зэкаўскага “кабанчыка” (ці пінжака на крэсьле – каб мейсца не занялі), сваю часовую ролю я цудоўна ўсьведамляў. Але быў невялікі момант адразу па прыезьдзе ў Прагу (лета, фантастычны турыстычны горад, свабодная краіна…), калі ў мяне зьявіліся ілюзыі на гэты конт. Рэч у тым, што я ўсе рэчы мераю з пункту гледжаньня Божае волі (таму ў свой час нават эвангельскі (чытай — баптысцкі) пастар Эрнст Сабіла і адлучыў мяне ад свае царквы за “ерась кальвінізму” – бо я празьмерна веру ў гэтую саму волю). Таму на пэўным этапе я быў падумаў, што Бог вырашыў зрабіць мне такі вось зямны “падарунак” (фізычныя даброты там нават па амэрыканскіх мерках проста фантастычныя, ня кажучы пра жабрачую Беларусь).

У маім жыцьці ўжо бывалі падобныя эпізоды, як, для прыкладу, яшчэ за часамі СССР, калі вучыўся ў БДУ, я патрапіў быў у ЗША па студэнцкім абмене (пра тое пляную асобны мэмуар-цыкль), пры тым што ад часоў “Талакі” (ад 1985 году) быў знаным антысаветчыкам, нацыяналістам ды яшчэ й спаліў камсамольскі білет. Таму я падумаў быў, што з працай на Радыё Свабода той жа выпадак. Тое, што там Садом з Гаморай, лагодна называны сярод паспалітых людцаў “гадзюшнікам” ці “тэрарыюмам”, і мо няма на тое Божае волі ў маім знаходжаньні там, я, што гэны біблійны Валаам, забыўся. Дакладней, інтэрпрэтаваў усё адно як той Лот, які някепска жыў у Садоме, і Богу давялося спаліць гэнае кубло зла, каб вывесьці аддтуль свайго (любы народжаны звыш – свой Богу) чалавека.

Усё адбылося ў самы першы дзень па маім прыезьдзе ў Прагу. Маё працоўнае мейсца было як раз насупраць Яна Максімюка – за адным сталом, разьдзеленым невысокай перагародкай, да якой мацаваліся маніторы (бачна на фота). Таму, калі Ян шалёна лупцаваў па клявіятуры, мой манітор гойдаўся. Пасьля я замацаваў яго адмысловай рацухай. Зь Янам Максімюком, калі што, у мяне былі добрыя адносіны, прэтэзый, да яго няма. Болей за тое, пасьля апішу эпізод, дзе ён ня здаў мяне за адзін забаўны пракол у этэры. У дадзеным выпадку ён проста ўдзельнік чужой разборкі, як кажуць у народзе.

Дык вось. Калі я сядзеў на сваім працоўным мейсцы і чытаў нейкія паперы, Ян, які сядзеў насупраць як звычайна ў навушніках, зьняў іх і праз стол сказаў (у першы дзень мы былі яшчэ на “вы”): “Вы ня думайце, што схапілі Бога за бараду”. Сказаў, надзеў навушнікі і пачаў нешта набіраць на клявіятуры далей, шалёна (як заўжды) лупцуючы на кнопках. Уявілі карціну? Я, то бок, Лот, сяджу ўвесь такі ў ружовых марах пра прыгожае жыцьцё ў Садоме, думаючы, што Бог адмыслова мне зрабіў цуд, як Бог празь Яна Максімюка мне кажа: “А насьсяру!” (як казала мая бабуля ў сытуацыях, калі ўнукі дужа даставалі яе енкамі-просьбамі нечага, што ім хацелася). Нават ужо маючы вопыт сумоўя з Богам у больш складаных сытуацыях, я ніколі не сутыкаўся з тым, каб вось так – па-хрэстаматыйна-біблійнаму Ён наўпрост зьвяртаўся да мяне. Хто мае вушы – той пачуе.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

четыре + 3 =

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.