Як камсамольскі актывіст Алег Воўчак дзяцей-нацыяналістаў біў

Мэмуар з талакоўскай нізкі

Цяпер вядомы змагар за правы чалавека ды зорка Белсату Алег Воўчак у маёй асабістай памяці адклаўся як камсамольскі актывіст зь ліку «афганцаў».

Гэта самы першы пазаплянавы мемуар з цыклу «Талака», у якой я быў адным з заснавальнікаў. Згадваная тут постаць «праваабаронцы» у маім сьпісе ўспамінаў стаіць на сотым месцы ў дзесятым шэрагу. Але ўсплыла яна зноў па той жа самай прычыне, што і ў свой час усплыў Прокопенягейт. Я гугліў аб магчымых успамінах ранейшых су-талакоўцаў пра вясну 1986 году, а спасылкі прывялі да нейкіх таямнічых старонак зь ня менш загадкавым тэкстам на абсалютна пустым фоне.

Далейшае больш мэтанакіраванае гугленьне дазволіла знайсьці толькі вартыя жалю абрыўкі ўспамінаў пра тую падзею. Ні ахвяры, ні кАты там нідзе не згадваліся.

20 красавіка 1986 г. падчас Выставы аднаго дня ў Траецкім прадмесці г. Мінска на навучэнцаў Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчым мастацтве па-хуліганску напалі былыя «афганцы» (бай­цы Савецкай арміі, якія ваявалі ў Афганістане). «Афганцы» ганілі і штурхалі дзяцей, якія бралі ўдзел у абрадзе Гукання вясны, бо афганцам ўвялі ў вушы, нібы дзеці такім чынам святкуюць дзень нараджэння нацысцкага фюрэра.
спасылка

20 красавіка 1986 г. падчас Выставы аднаго дня ў Траецкім прадмесці г. Мінска на навучэнцаў Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчым мастацтве па-хуліганску напалі былыя «афганцы» (бай­цы Савецкай арміі, якія ваявалі ў Афганістане). «Афганцы» ганілі і штурхалі дзяцей, якія бралі ўдзел у абрадзе Гукання вясны, бо афганцам ўвялі ў вушы, нібы дзеці такім чынам святкуюць дзень нараджэння нацысцкага фюрэра. Арганізатары Выставы аднаго дня мастакі Аляксей Марачкін і Мікола Купава паскардзіліся на «афганцаў» у пракуратуру, але атрымалі толькі адпіску.
спасылка

І тут мяне як стукнула! Бо адзін з адмоўных герояў той драмы зараз для ўсіх (і гэных таксама) дзяцей прыклад — «праваабаронца» Алег Воўчак. А ў грантосмокавым асяродзьдзі «праваабаронцаў» існуе цэхавая салідарнасьць накшталт той, што ў барыгаў на Жданах ці ў бамбілаў-таксістаў. Таму і зь Белсату яго, што гэнага Пракапеню, вычысьцілі, ды іншыя крыніцы не памінаюць ліхам. Чаму я падумаў пра Воўчака? Таму што чвэрць стагодзьдзя таму, калі ён зьявіўся на палітычным полі, яго згадаў у адной выпадковай гутарцы Віктар Івашкевіч (чытайце асобны мэмуар пра яго): «Памятаеш, гэта той чувак, зь якім мы ледзь не пабіліся». Натуральна, што гуглячы пра тыя падзеі я чакаў нейкіх згадак пра яго. А іх не было. Я ня веру ў такія супадзеньні, і, як паказаў вопыт Прокопенягейту, слушна.

Але вернемся да тых падзеяў. (Сьведчаньні некаторых удзельнікаў можна пачытаць тут).

Тое адбывалася ў нядзелю 20 красавіка 1986 году. Тады ў Траецкім перад букіністычнай крамай “Вянок” навучэнцы мастацкай школкі (узрост 14 — 16 гадоў) ладзілі “Гуканьне вясны”. Чыста фольк-пэрформэнс. Як да іх падляцелі камсамольцы-афганцы на чале з Алегам Воўчакам і сталі іх біць, прыгаворваючы: “Вось вам, фашысты, дзень нараджэньня Гітлера!” Як потым высьветлілася, іх зазамбаваў ды накіраваў на гэта сакратар Менскага гаркаму ЛКСМБ Герасімаў. Паколькі мяне там не было, няхай пра тое відавочцы распавядаюць, а я апішу тое, што было пасьля таго.

А пасьля таго, празь некалькі дзён мы зь Віктарам Івашкевічам прызначылі сустрэчу-разборку з Воўчакам ды яго афганцамі. Мы былі ўдваіх супраць ці то трох, ці то чатырох апанэнтаў. Магчымай эскалацыі канфлікту ў сілавую стадыю мы зь Віктарам не баяліся. Я тады займаўся ў трэнэра Боткіна таэквандо і спакойна мог ўрабіць парачку такіх дзеячаў. Віктар таксама мог накласьці ў каршэль. Ён працаваў грузчыкам і быў падобны калі не да качка, то да дарэвалюцыйнага біндзюжніка — з тых, што жагналіся пудовай гірай. Але ў нашы задачы бойка ня ўваходзіла. Мы ішлі з асьветніцка-агітацыйнай мэтай. І, падобна, у нас атрымалася. Бо Воўчак перавыхаваўся. Нават у ролі ксяндза зьняўся.

P.S Мяне часам пытаюцца, як быць з тым, што згодна зь яго біяграфічнымі зьвесткамі, Воўчак служыў у войску ў 1985-1988 гг. Ня ведаю, магчыма ў тыя дні ён быў у водпуску і пайшоў на разгон разам зь іншымі, нацкаванымі Герасімавым «афганцамі». У іх тады была вельмі цесная суполка, яны пастаянна тусаваліся разам, дзе яго і маглі «накруціць». «Афганцы» тады былі вельмі добрым матар’ялам для маніпуляваньня імі ў якасьці чаранасоценцаў.

Заўважу таксама, што знаходжаньне ў арміі тры гады намякае на тое, што ён год правёў у дысбаце, што цалкам магчыма, улічваючы яго тагачасную схільнасьць (па факце апісаных дзеяньняў) да нематываванай агрэсыі. Тры гады тады служылі толькі на флоце. А звыштэрміновую 5 гадоў  — у дадатак да двух тэрміновай.

Увогуле, гэтая гісторыя ёсьць ня спробай «ачарніцельства» вядомага апазыцыйнага актывіста, як мне спрабуюць накінуць, а сьведчаньнем біблійнага навяртаньня ад зла да дабра. Бо тады я сам быў ня лепшы (што апісаў у мэмуары пра Віктара Івашкевіча), толькі ў іншым лягеры.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

20 − одиннадцать =

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.