Гісторыя аднаго фота — Талакоўцы ў Палацы чыгуначнікаў 📷

Гэтае фота фігуруе сям-там у мэдыйна-культурніцкіх колах, але нідзе няма дакладнага яго апісаньня. А я добра памятаю той дзень. Гэта быў канец красавіка (выходныя 19 ці 20) 1986 году. У Палацы чыгуначнікаў адбывалася арганізаванае камсамольцамі-перастроечнікамі забаўляльна-прапагандысцкае мерапрыемства, якое «Талака» скарыстала для свайго «піяру».

Зьлева направа: Віялета Ефіменка, Уладзь Бараніч, Алена Клімовіч, Сяржук Вітушка, Вэрця Лазоўская
Зьлева направа: Віялета Ефіменка, Уладзь Бараніч, Алена Клімовіч, Сяржук Вітушка, Вэрця Лазоўская. Здымак Якава Мяцеліцы.

Мы зь Сяржуком Вітушкам тады працавалі на «Інтэграле» і напоўніцу эксплюатавалі свой статус рабочых (якія тады лічыліся гегемонамі, таму партыйна-камсамольскія ворганы мусілі да іх прыслухоўвацца, дарма што «нацыяналісты»). У нашай кампаніі «шыльдавых» рабочых быў, натуральна, грузчык Віктар Івашкевіч. Гэткая пралетарская тройка сярод «гнілой інтэлігенцыі» ды такіх жа гнілых, як лічылі тады камунякі, студэнтаў.

Той фольк-пэрформэнс стаўся першым сур’ёзным прарывам інфармацыйнай блякады «нефармалаў-нацыяналістаў», бо пра нас выдалі матар’ялы ажно дзьве рэспубліканскія газэты – «Чырвоная Змена» ды прапагандысцкі лісток для замежных беларусаў «Голас Радзімы».

Зьлева направа: Сяржук Вітушка, Анатоль Сыс, Уладзь Бараніч, Гэнік Лойка, Віялета Ефіменка.
Зьлева направа: Сяржук Вітушка, Анатоль Сыс, Уладзь Бараніч, Гэнік Лойка, Віялета Ефіменка.
Анонс у газэце "Знамя Юности" ад 25.04.1986
Анонс у газэце «Знамя Юности» ад 25.04.1986
Зьлева направа: Сяржук Вітушка, Уладзь Бараніч (за ім бачны Ігар Вашкевіч), Анатоль Сыс (за ім бачны кавалак галавы Гэніка Лойкі).
Зьлева направа: Сяржук Вітушка, Уладзь Бараніч (за ім бачны Ігар Вашкевіч), Анатоль Сыс (за ім бачны кавалак галавы Гэніка Лойкі).

Я, мякка кажучы, ня дужа любіў культываваны ў «Талацэ» Сяржуком Вітушкам строева-брылёвы маскарад, але й мне тут давялося апрануцца ў «нацыянальную форму». Гэта быў для мяне першы і апошні выпадак падобнай лубочнай бутафорыі (замест рэальнага змаганьня). Пра нашыя разыходжаньні зь Сяржуком Вітушкам у стылі разыходжаньняў паміж анархістамі-бамбістамі (я) ды меньшавіцкімі памяркоўшчыкамі-культуртрэгерамі (Сяржук) я буду гаманіць асобна, але тое добра вядома нават тым, хто апынуўся ў перамогшай вэрсыі ўжо вітушкавай «Талакі» — што зьбіралася ў клюбе нейкага заводу на вуліцы Маскоўскай. Пра гэта нават мусяць прызнаваць і тыя, хто мяне старанна замоўчвае з прычыны маіх мэмуараў пра “цёмныя” ды непрыемныя бакі некаторых удзельнікаў Руху. Наўрад ці “Радыё Свабода” прапусьціла б зараз такі тэкст (тут мая роля значна перабольшаная, стваральнікаў было як мінімум чалавек 10) у сябе на сайце:

“Клюб Талака стварылі два работнікі менскага заводу «Інтэграл» Сяржук Вітушка і Ўладзімер Бараніч ў 1985 годзе. Уладзімер Бараніч, ня згодны зь некаторымі арганізацыйнымі падыходамі новых членаў, вельмі хутка ад клюбу адышоў, а Сяржук Вітушка застаўся”.

Мяне зараз імкнуцца старанна ігнараваць, ці згадваць з адмоўнымі прыніжальнымі ярлыкамі, як у савецкія часы згадвалі “адшчапенцаў” накшталт Бродскага. Я болей чым упэўнены, што і гэты мой мэмуар разам з унікальнымі артэфактамі будзе гучна замоўчаны.

Але вернемся да тэмы. Нам тады ўдалося праз абіваньне гаркомкамсамольскіх парогаў уплішчыцца ў мерапрыемства, што ладзілася пад эгідай стваранага тады Рэспубліканскага маладзёвага цэнтру. Я нават (у той жа ролі рабочага) разам зь Сяржуком Кашубам (студэнтам Палітэху) ды Вадзімам Грудзько (карэспандэнтам “Звязды”) хадзіў на прыём да галоўнай камуністкі Менску Юферавай. У выніку нам адвялі куток зправа ад уваходу ў канцы фае Палаца чыгуначнікаў, дзе адбывалася камсамольская імпрэза, ці як яе афіцыйна называлі “тэатралізаванае прадстаўленьне “Давайце ўсклікаць”, галоўнай часткай якой быў дыскач на другім паверсе.

Як бачна на фота з публікацыі ў “Чырвонай Змене”, мы падрыхтаваліся вельмі сур’ёзна. Там былі стэнды зь інфармацыяй пра “Талаку” ды нацыянальную спадчыну, а сімаковічаўскія дзяўчаты-пявуньні на чале зь Віялетай зладзілі міні-канцэрт пад фольк-скокі. Гукаўзмацненьне забясьпечваў я – як самы прасунуты ў тэхнічным пляне (сам паяў-рабіў гукаўзмацняльнікі ды калёнкі). Паколькі я жыў на адной з Палацам чыгуначнікаў вуліцы, тэхніку мы несьлі ад мяне разам зь Вінцуком Вячоркам. Я чамусьці запомніў эпізод, як азадачыў Вінцука пытаньнем, якія калёнкі браць – самаробныя ці куплёныя. Так і бачу – стаіць у дзьвярах майго пакою Вінцук (каб не здымаць абутку) ды глядзіць на маю калекцыю на сьцяне. На што Вінцук сказаў, што, пэўна лепей куплёныя, бо ня так іх мне будзе шкада за, як бы зараз сказалі, крафтавыя – зробленыя сваімі рукамі. Але ён не ўгадаў, мае самаробныя мне былі не такія каштоўныя, таму я ўзяў адну зь іх. Так мы і цягнулі на сабе калёнку, магнітафон ды ўзмацняльнік – пехам з канца вул. Варанянскага, якая тады была адно сьцяжынка праз прыватны сэктар.

Вуліца Варанянскага называлася тады не імем бальшавіка-чэкіста, а па-людзку – Кавальская (адсюль зараз і назва мэтро “Кавальская Слабада”). У тым жа 1986 і памянялі назву вуліцы. Болей за тое, мой дом 38 па вуліцы Бакінскай “перанесьлі” на адрас Варанянскага 62. У мяне ў пашпарце, пакуль яго не зьмяніў, так і былі дзьве дзейныя абсалютова аднолькавыя (з аднолькавымі датамі ды нават тымі жа подпісамі адной і той жа пашпартысткі) прапіскі (паставілі новую, не скасаваўшы старую) з рознымі назвамі вуліц і нумарамі дамоў. Чым я заўсёды троліў чыноўнікаў у прысуцьсьцьвенных мейсцах – пытаючыся, якую прапіску ім указваць. Што выклікала ў тых невялікую паніку, бо тады мець менскую прапіску было за вялікае шчасьце, а ў мяне іх было ажно дзьве. Такі вось успамін усплыў з гэтае нагоды.

Так ці йнакш, кажучы сёньняшняй мовай, тая наша піяр-кампанія мела ашаламляльны посьпех. Апроч шырокага асьвятленьня ў прэсе ды патрапляньня на тэлевізію (недзе ў мяне яшчэ ляжыць газэтнае фота з тэлестудыі ТЭМП) мы зрабілі піяр самому слову “Талака”.

Як я ўжо згадваў у мэмуары пра Віктара Івашкевіча, мы практыкавалі лісты-звароты ў розныя інстанцыі з розных нагодаў. Закулісныя ідэёлягі “Талакі” Алесь Суша ды Вінцук Вячорка лічылі гэта часткай нацыянальнай барацьбы. Асабліва, калі такія лісты пісаліся ад імя гегемонаў-рабочых, якім я быў падчас працы на “Інтэграле”. Паколькі кампутараў тады не было, даводзілася спачатку пісаць чарнавікі, якія я па сваёй плюшкінскай звычцы захаваў. Вось скан такого чарнавіка ліста, што я накіраваў у рэдакцыю “Голасу Радзімы” ад імя “Талакі” – з прычыны таго, што ў газэце па-расейску напісалі не “Талака”, а “Толока”. Зараз бы сказалі, што сказілі назву брэнду.

Пісаў я той ліст на тым жа “Інтэграле” ў перапынках паміж абслугоўваньнем абсталяваньня для вырабу мікрасхэмаў на кавалку нейкай тэхнічнай паперкі выпадковымі асадкамі, што былі ўторкнутыя ў журналы для тэхнічнай атчотнасьці. Зварот “Шаноўная рэдакцыя!” наогул напісаны ня мной. Хутчэй за ўсё (а болей на заводзе не было каму) Сяржуком Вітушкам, які пакінуў гэтую справу мне.  Недзе нават распушчальнік патрапіў з тых установак ды размыў атрамант. Але пра нашу зь Сяржуком працу на “Інтэграле” будзе асобны мэмуар.

Зварот “Шаноўная рэдакцыя!” напісаны ня мной. Магчыма, Сяржуком Вітушкам, які пакінуў гэтую справу мне.

Гісторыя аднаго фота — Талакоўцы ў Палацы чыгуначнікаў 📷: 7 комментариев

  1. Старые фото , газеты, журналы, старые здания — как порталы в иные миры. Ведь энергия никуда не исчезает, она остается в них. Если бы эта красивая и счастливая молодёжь на фото узнала бы, что их имена навсегда войдут в историю — не поверила бы. И прав Акын — вспомнить всё и записать, — самое разумное решение. Ждём продолжения. Очень интересно.

    1. Вельмі трапны выраз — партал у іншы сьвет. І пра энэргію слушна. Я калі пісаў, зьнясілеў так, нібыта ўся энэргія зь мяне ў той партал выйшла, каб трымаць яго на час напісаньня адчыненым. Большасьць маіх тэкстаў напісаная як раз у такім партальным рэжыме, нібыта нехта ўключае, і я нічога ўжо не кантралюю. Пасьля чытаю свае опусы як з боку і сам дзіўлюся, няўжо гэта я пісаў. Таму я ня так часта пішу. Калі ёсьць час, партал зачынены, калі партал адчыняецца, я заняты нечым іншым. Улетку, натуральна, садам-гародам. А зараз, пакуль там рабіць няма чаго, і ёсьць магчымасьць пісаць.

      1. А кто и когда сказал, что избранным (обладателям третьей сигнальной системы — людям творческим) будет легко? Вот поэтому мы изучаем ваше творчество, потому что сами на него не способны.Вот и Илья Штемлер пишет о том же («Взгляни на дом свой, путник!» — стр 5, в момент, когда он увидел сверкающий «ягуар» и далее по тексту.)

        1. Так, вельмі моцнае месца. Дзякую, што нагадалі. Штэмлер геніяльны пісьменьнік, на жаль (але так заўсёды), малавядомы. Я пра яго даведаўся яшчэ ў 1983 годзе, калі яго «Универмаг» выйшаў у тоўстым часопісе. Мне яго бацька даў пачытаць. Ён тады працаваў у новым і самым буйным (аналяг штэмлераўскага) мінскім універмагу. У іх там гэта была самая бомбавая кніга. Я тады мала што зразумеў, але аўтара запомніў. І некалькі гадоў таму пераслухаў (чытаць няма калі) амаль усе яго кнігі. Абавязкова напішу нешта накшталт рэцэнзіі — даўно такую рубрыку заплянаваў «Круг чытаньня» — дзе буду дзяліцца ўражаньнямі ад літаратуры ці проста ад нейкіх тэкстаў.

          «Оборотистые люди, – думал я, входя под крышу вокзала, – разбогатев в Союзе, они ринулись на глубину. Что им мессианская идея возрождения национального государства веками гонимого народа? Что им вообще какие-то нравственные и моральные принципы – слова, слова, слова. А «дела» – вот они, в сверкающем «ягуаре».

  2. Штэмлера паважаю, цiкавы пiсьменнiк, але да генiяльнасцi яму, IMHO, далекавата. «Взгляни на дом свой…» — пра Iзраiль пачатку 90-х (тады i трапiла мне гэтая кнiжка). Цяпер успрымаецца, хутчэй, з усмешкай.
    «Универмаг», «Поезд» (пра завод яшчэ нешта было) — добрыя «вытворчыя» раманы, але таксама засталicя недзе там, у сваiм часе.

    1. Ну, я некалькі перабольшыў наконт геніяльнасьці. Але я яго ацэньваю з пункту гледжаньня мовы ды падыходу да тэмаў. Для кожнай з мастацкіх кнігаў ён адмыслова працаваў па апісаных спэцыяльнасьцях. Нічога вытворчага там няма. Там толькі тло вытворчае. А жарсьці вельмі шэксьпіраўскія. У 1983 годзе яго «Унівэрмаг» быў бомбай. Я днямі напішу пра яго мэмуар-рэцэнзыю.

      1. Падыход да тэм — так, у яго салiдны. Пафасу, характэрнага для сацрэалiзму, наколькi помню, ва «Универмагу» было вобмаль, а «Поезд» — увогуле трагiчная гiсторыя. Але людзi-такi падпарадкаваны сiстэме вытворчасцi, асобы не цалкам раскрываюцца. У гэтым сэнсе раманы Штэмлера «вытворчыя», хоць i не зусiм па-caвецку. Хiба а-ля Хэйлi («Аэрапорт»), aле тут баюся памылiцца. Шмат год мiнула.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

семь + девять =

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.