Хуліганы-героі 📷

Сьпеў пра тое, як мае аднаклясьнікі за савецкім часам над Опэрным тэатрам бел-чырвона-белы сьцяг павесілі. Знаёмцеся — героі найноўшай Беларусі: Віка Казлова ды Славік Радзевіч.

Віка Казлова і Славік Радзевіч (1981 год). Фота Юры Шаўчэнкі
Віка Казлова і Славік Радзевіч (1981 год). Фота Юры Шаўчэнкі

Быў у гісторыі найноўшай Беларусі ды беларускага нацыянальнага руху эпізод, пра які мала хто ведае, ня тое што памятае. Ці то ўвесну 1986 году, ці то 1987 году (я зараз дакладна не памятаю – але тое было, калі Зянон Нямігу капаў) у цэнтры Менску над Опэрным тэатрам цэлы дзень лунаў бел-чырвона-белы сьцяг – ад адзінаццатай вечара пятніцы да гадзін шасьці вечара наступнага дня ў суботу. Я тады пра тое даведаўся ад свае маці, якая працавала ў “Доме мадэляў” у лябараторыі па выпрабаваньні тканінаў, куды КДБ прывез на экспэртызу сьцяг: з чаго зроблены, як пашыты, якімі ніткамі і г.д.*

Доўгі час ніхто ня ведаў герояў, бо тыя не прызнаваліся. Не прызнаюцца й дагэтуль. Але я даведаўся. Балазе піянэр-герой Марат Казей стаіць побач з маёй 24 школай (цяпер гімназіяй) і побач з Опэрным тэатрам, які меў над нашай школай шэфства, што праяўлялася ў тым, што нас заўсёды прымушалі набываць квіткі на опэры ды балеты там. І вось прыйшоў час падшэфным узяць шэфства над шэфамі. І павесілі яны над імі бел-чырвона-белы сьцяг. Віка і Славік, мае аднаклясьнікі. Славік быў вядомы школьны хуліган, а Віка пасьля школы прыйшла ў Талаку. Талакоўка ды хуліган – сіла! Як раз для гераічнай опэры.

Славік Радзевіч (з цыгарэтай) і Юра Шаўчэнка на ўроку НВП у школьным ціры (1981 год). Фота Юры Шаўчэнкі
Славік Радзевіч (з цыгарэтай) і Юра Шаўчэнка на ўроку НВП у школьным ціры (1981 год). Фота Юры Шаўчэнкі

*Зь Вікай я тады сябраваў ды часта заходзіў да яе ў госьці па дарозе ў спартзалю (мы жылі побач). Яна таксама была ў Талацэ (першай, аўтэнтычнай, а ня той тусоўцы, што пасьля была ў клюбе на вул. Маскоўскай). Добра памятаю, як я тады распавёў ёй пра гэта. Была вясна, і мы гулялі зь ёй у дварах па вул. Чкалава зь яе сабакам-коллі Арчыбальдам. Яна артыстычна зрабіла выгляд зьдзіўленьня і захапленьня невядомымі, што зрабілі такі ўчынак. І прызналася ды распавяла пра дэталі толькі ў 2003 годзе на сустрэчы аднаклясьнікаў. Дагэтуль шкадуе, што прагаварылася. Не магла ж яна тады ведаць, што я праз столькі гадоў распавяду ўсяму Уолд Уайд Уэбу, пра што даведаўся ў выпадковай гамане. 😎 Я тады яшчэ пажартаваў, а ці не паўтарыць іх былы подзьвіг, на што Віка сказала, што яна й тады, у маладыя гады, ледзь не памерла ад зьнясіленьня падымаючыся па пажарнай лесьвіцы на гэную вэрхатуру.

Славік і Віка (у цэнтры) на 20-х угодках нашага выпуску (2003 год)
Славік і Віка (у цэнтры) на 20-х угодках нашага выпуску (2003 год)

Ледзь не забыўся. Гэта ўсё і вучні Вінцука Вячоркі (яго мы паміж сабой называлі Пінцэт), які выкладаў нам беларускую мову ды літаратуру ў якасьці студэнта-практыканта. Вось такая пераемнасьць пакаленьняў.

Наша кляса (СШ №24) ў 1981 годзе. Віка ў другім шэрагу (стаяць) зправа, Славік зьлева, я ў апошнім шэрагу пасярэдзіне. Фота зрабіў Юра Шаўчэнка.
Наш 9Б (СШ №24) ў 1981/2 годзе. Віка ў другім шэрагу (стаяць) зправа, Славік зьлева, я ў апошнім шэрагу пасярэдзіне. Фота зрабіў Юра Шаўчэнка.

——————————————-

P.S. Першапачаткова Віка (калі я пісаў першы варыянт гэтага мэмуару ды ўдакладняў у яе некаторыя дэталі) настойвала не называць Славіка, бо жывучы ў ЗША баіцца, што яго ў Беларусі за гэта рэпрэсуюць — нават праз 32 гады. Тым болей, што  яна сама падбіла Славіка на такое «хуліганства». Нават традыцыйнае амэрскае «права на забыцьцё» згадала (І дзе болей свабоды — у ЗША ці РБ?). Мне, беламу нэгру з Афрыкі ў цэнтры Эўропы, начхаць на амэрскія правы з абавязкамі, але першапачаткова я яе просьбу задаволіў. Таму ў першай вэрсыі гэтага мэмуару давялося распавесьці ў выглядзе байкі. Але пасьля таго, як мяне залічылі ў чорныя піяршчыкі ды нагойпаятраўшчыкі, я вырашыў усіх назваць. Тым болей, што Віка нават на той першы варыянт усердавала ды пакрыўдзілася. А краіна павінна ведаць сваіх герояў…

Хуліганы-героі 📷: 4 комментария

  1. Пра Віку і тое, што яна павесіла сцяг, недзе ў А. Глобуса было, але не так падрабязна. Дзякуй!

    1. Я ведаю. Віка казала мне пра Глобуса ды дакумэнталіста Дашкевіча. Калі ўгаворвала мяне не называць Славіка — маўляў, вось нават ім не сказала, і мне лепей забыцца на тое. Ціпа не дае мне свайго капірайту на памяць. Я тады пагадзіўся, бо не хацеў спрачацца праз чат і ўсё адно плянаваў пазьней распавесьці, проста тады хацеў некаторыя дэталі даведацца — у прыватнасьці дакладны час (год, месяц). Тым болей, што мяне зараз у пісьменьнікі-беспрадзельшчыкі запісалі.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

9 − 4 =

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.