Данчык

Уладзь Бараніч
Разьдзел зь нізкі ўспамінаў “Радыё Свабода”, з агульнай віруальнай (жывой) кнігі мэмуараў “Час, падзеі, людзі”.

Данчык на мейсцы дырэктара «Радыё Свабода» Аляксандра Лукашука ў яго габінэце, калі той быў у ад’езьдзе (здымак мой — я зрабіў яго ўпотай на мабільнік, ужо тады плянуючы гэтыя мэмуары).

Пінцэт ды сын паліцаяў

Восеньню 1982 году, калі я вучыўся ў 10 клясе 24 менскай школы, у нас праходзіў практыку ў якасьці настаўніка беларускае мовы вядомы зараз мовазнаўца Вінцук Вячорка (у мяне нават захаваўся школьны дзёньнік зь «пяцёркамі» па бел. літаратуры зь яго подпісамі). Да яго мусілі зьвяртацца Вінцэнт Рыгоравіч, а паміж сабой мы яго называлі Пінцэт. Пра тое будзе асобны мэмуар, але для разуменьня сытуацыі зазначу, што Вінцук ужо тады займаў акрэсьленую палітычную пазыцыю (як раз гэта былі майстроўскія часы) і займаўся нацыянальнай адукацыяй сярод нас – сваіх вучняў. Балазе, наша настаўніца беларускае мовы Марыя Мікалаеўна Бянецкая была таксама вельмі сьведамая і падтрымлівала Вінцука.

Аўтар гэтых радкоў у габінэце беларускае мовы і літаратуры, дзе выкладаў Вінцук

Аднаго дня Вінцэнт Рыгоравіч арганізаваў пазакляснае праслухоўваньне кружэлкі амэрыканскага сьпевака беларускага паходжаньня Данчыка. Ахвочых тады было няшмат, усе слухачы зьмесьціліся ў першай палове клясы ангельскай мовы. Паколькі школа №24 была з паглыбленым, як тады казалі, выкладаньнем ангельскай ды нямецкай моваў, заняткі праводзіліся ў групах недзе па 7 чалавек, для якіх звычайныя аўдыторыі разьдзяляліся перагародкамі – першая (з галоўным уваходам) большая, другая – меньшая. Мы сабраліся ў большай.

Зараз ужо ня памятаю падрабязнасьцяў, але мы цярпліва праслухалі першы данчыкаў альбом “Беларусачка” (1977). Я тады такой музыкай не цікавіўся – пераважна слухаў гурты кшталту А-Цэ-маланка-Дэ-Цэ (як казалі ў перадачы “Моладзі пра музычнае мастацтва”). Але на “канцэрт” Данчыка пайшоў. Галоўным чынам дзякуючы рэкляме, што зрабіла яму наша галоўная партыйная дзяячка ды завуч па выхрабоце Пішчака-Шэўніна, якая бэсьціла сьпевака як нашчатка “паліцаяў” ды здраднікаў радзімы. Таксама хацелася зацаніць, што там за чувак такі круты, што ў свае 19 гадоў выдаў свой уласны “пласт”. У чым у чым, а ў фірмОвых пластАх я тады разьбіраўся – мой сябар падфарцоўваў імі.

Беларускія castrati

Данчык мне не спадабаўся – стыль быў ня мой, але адчуваньне, што асабіста спрычыніўся да антысаветчыны (я тады ўжо ва ўсю слухаў “галасы” і нават беларускую “Свабоду”, каб пахваліцца перад Вінцэтам Рыгоравічам свае эрудыцыяй), адклала імя Данчыка ў памяці, якое пазьней усплыла, калі я празь некалькі гадоў апынуўся ў першае Талаце, дзе, натуральна, быў усё той жа Вінцук. Там Данчык быў у аўтарытэце і ўваходзіў у сьпіс так бы мовіць абавязковага праслухоўваньня, хаця зноў-такі, мой музычны густ сьхіляўся да рокавых Бонды ці Мроі. Памятаю, як Алесь Суша аднойчы сказаў нешта накшталт: “От ужо гэтыя нашыя сьпевакі – Данчык ці Барткевіч з Кашапаравым, сьпяваюць жаночымі галасамі. Нейкія немужыцкія мужыкі”. Анатоль Сыс навогул адгукаўся пра такую манэру выкананьня ў традыйцыйным сялянскім стылі, дзе слова castrati было б найлепшым перакладам зь яго “мужыцкае праўды”. На што Вінцук пярэчыў, што, маўляў, што вы разумееце, тут хлапец нашага ўзросту ды яшчэ з Штатаў сьпявае ня проста па-беларуску, але й прафэсыйна,.. ці нешта такое. Карацей, пасыл зводзіўся да таго, што Данчык неймаверна круты таму, што малады амэрыканец сьпявае па-беларуску на беларускі тэмат.

Зорным часам Данчыка стаўся ягоны прыезд у Беларусь у 1989 годзе. Для ягоных групіс тады гэта было як бы для мяне ў Палацы спорту выступіў Kiss ці Nazareth. Натуральна, што асабліва шалелі дзеўкі ды маладзіцы рознага ўзросту. Памятаю адну сустрэчу зь ім (яе нават па БТ паказвалі), дзе з залі Данчыку задавалі пытаньні. Тады нейкая кабеціна запыталіся, чаму ён, такі малады і прыгожы, не ажэніцца, няўжо ня можа добрую дзеўчыну знайсьці – то во ў нас тутака ў Беларусі іх шмат — выбірай. Што тады на гэта адказаў Данчык, я ня памятаю. Затое памятаю выраз твару. Такі зьбянтэжана-іранічны. Цікава, як бы ўспрымала тады яго экзальтаваная публіка, каб ведалі, што Данчык – гомасэксуаліст. Тады паліткарэктнасьці ды мульцікультуралізму яшчэ не было, а па пацанскіх паняціях ягоная арыентацыя называлася зусім не “вясёлы ці жыцьцярадасны” (gay). Дый ў крымінальным кодэксе была стацьця за мужаложаства.

Данчык і садамчукі

Я, дарэчы, даведаўся пра нетрадыцыйную арыентацыю Данчыка толькі ў 1998 годзе ў свой апошні дзень майго першага разу на Радыё Свабода, калі я рабіў іх самы першы вэбсайт. Даведаўся выпадкова, ад іх супрацоўніка, які нечакана вырашыў са мной асабіста пакантачыць ды наліў піва для лепшае гаманы. За півам тое-сёе і распавёў. Балазе я ўжо ад’яждаў, спрацаваў эфэкт цягніковага купэ, таму ён распавёў і яшчэ нешта. Не сказаць, што я дужа быў шакаваны ці ўражаны, але пачаў глядзець на рэчы іншымі вачыма. Напрыклад, зразумеў, чаму Данчык пры павітаньні ніколі не падаваў рукі. Той жа супрацоўнік растлумачыў мне, што Данчык баяўся, што яму не пададуць рукі ў адказ. У той час сярод нашых суайчыньнікоў яшчэ жыў пацанскі (зэкаўскі) кодэкс наконт “зашквару”.

Пацанскімі паняцьцямі я тады не карыстаўся, але ўжо быў суровым хрысьціянінам-фундамэнталістам, для якога арыентацыя Данчыка ўспрымаецца як садомскі грэх. Ну грэх і грэх, хто з нас без граху, але ад таго часу я ўспрымаў яго менавіта з такой папраўкай. Былы арэол максімбагдановічскага песьняра разьвеяўся. Хаця тады нічога кепскага я пра Данчыка ня мог сказаць. Данчык тады для мяне быў абсалютова нэўтральны. Ціха сядзеў у сваім кутку (яшчэ ў старым будынку на Вацлаўскай плошчы) і са мной ніяк не перасякаўся.

Пра Данчыка зь яго гомасэксуальнай арыентацыяй я прачуў толькі празь некалькі гадоў менавіта ў садомскім кантэксьце. З прычыны, якая ня мае дачыненьня да гэтае тэмы, я тады шмат кантактаваў зь вернікамі эвангельскіх колаў (ака баптыстыя). Сярод беларускіх баптыстых сьведамых беларусаў тады амаль не было, але быў такі Дзіма Мамойка, тады яшчэ на пачатку свае кар’еры баптысцкага прапаведніка, які рабіў для Радыё Свабода казані ў рамках рэлігійнае перадачы Кастуся Бандарука . І аднаго разу Дзіма меў неасьцярожнасьць зацытаваць Біблію наконт садомскага граху. Тамака ў праскай рэдакцыі ўзьняўся вэрхал з нагоды таго, што ён “абразіў аднаго з супрацоўнікаў”, і яго, як кажуць зараз, забанілі. Празь некаторы час забанілі і саму рэлігійную праграму, пазьней пазбавіліся і ад Бандарука. Чаму і што – я ня ведаю, хай з гэтым іх Сынод разьбіраецца (с)Глеб Жэглоў. Я чыста канстатую факт. Які праўтарыўся ўжо пры мне ў 2010 годзе.

Пранцэзураваны Пазьняк

У 2010 годзе я працаваў як штатны супрацоўнік Радыё Свабода ў Празе, дзе выконваў галоўным чынам абавязкі вэб-рэдактара, выстаўляючы на сайт розныя тэксты і пры гэтым іх рэдагуючы. Тады на сайце РС рэгулярна публікавалася кніга Зянона Пазьняка “Добрая фатаграфія”. Рэдагаваць мне яго было забаронена, паколькі гэтым мог займацца толькі яго паплечнік і мой калега па радзіве Сяргей Навумчык. Я толькі выстаўляў тое, што мне скідаў Навумчык. Выставіў я і “Апошні год Кебіча”. Выстаўляў гэты тэкст я ўвечары, пад канец другое зьмены, калі ў праскай рэдакцыі апроч мяне нікога ўжо не было.

У арыгінальным варыяньце першы сказ гучаў так:

“Адразу тлумачу (фота 1). Дзядзькі, якія цалуюцца на гэтым фота, не гомасэксуалісты і не збачэнцы”.

Выставіў ды пайшоў дахаты. А на наступны дзень у рэдакцыі быў скандал. Данчык вельмі абураўся, што ў адным сынанімічным шэрагу ішлі словы “гомасэксуалісты” ды “збачэнцы”. “Я што – збачэнец!?” – абураўся Данчык. Кінуліся шукаць вінаватых. Адразу хацелі даць у косьці мне – як няпільнаму на гамафобію рэдактару, але я ім тыцнуў у нос інструкцыяй Лукашука, дзе гаварылася, што апроч Сяргея Навумчыка ніхто правіць тэксты Пазьняка ня можа. Паколькі Навумчык там недатыкальны, караць нікога ня сталі, ціха прыбраўцы “збачэнцаў”. Вось як выглядае той жа сказ ужо пасьля цэнзуры:

“Адразу тлумачу (фота 1). Дзядзькі, якія цалуюцца на гэтым фота, не гомасэксуалісты”.

Але Навумчык, відаць, добра засвоіў урок і на адной з нарадаў, калі абмяркоўвалася, па якіх крытэрах мусяць цэнзуравацца камэнты на сайце, ён досыць энэргічна пералічваў прыкметы для выдаленьня допісаў, дзе сярод мяцяршчыны назваў і “гамафобію”.

Увогуле за гамафобіяй на Радыё Свабода сочаць вельмі пільна. Пры гэтым неўтральным заставацца непажадана. Трэба ўсяляк дэманстраваць сваю прыхільнасьць да “жыцьцярадасных” людзёў. Свайго апагею гэта дасягнула ў выстаўленьні на першую старонку “каханьня Вячаслава і Шона”, а пазьней нечаканага “камінгаўту” Сяргея Дубаўца ў артыкуле “Я – гей!”.

Дарэчы, Данчык зрабіў свой камінгаўт чамусьці вельмі позна – у 2009 годзе, надрукаваўшы артыкул, які ў яго сьпісе я зараз не магу знайсцьі. Я запомніў гэта таму, што ўпершыню пачуў такое экзатычнае слова ад Сяргея Шупы, які камусьці з калегаў гучна сказаў: “Глядзі, Данчык камінгаўт зрабіў”. Да гэтага часу я слова “камінгаўт” ня чуў. (Ня ведаю, за якія ятры Шупа трымае сваё начальства, але сярод тамтэйшых супрацоўнікаў ён адзіны гаворыць досыць вольна, што думае.) Я ж адразу палез у слоўнік шукаць… ну й узбагаціў свой лексыкон…

Цяжкка сказаць, куды падзеўся той артыкул Данчыка. Наколькі я памятаю, ён быў дужа асабісты ды эмацыйны, магчыма, яго прыбралі. Ёсьць толькі больш позьні “маніхвэст” Данчыка-гея.

Адзіны прыстойны чалавек

Я ў гэныя гей-разборкі ня лез, і з Данчыкам у мяне былі звычайныя працоўныя адносіны ў старым добрым стылі “ты начальнік – я дурак”. А калі сур’ёзна, то ніякіх адносін не было. Нашыя адносіны за рамкі працоўнае субардынацыі не выходзілі. Данчык — добры, сьціплы і прыязны чалавек, хоць і ў сілу агульных “асаблівых” чалавечых адносінаў на Радыё Свабода (пра іх я буду гаманіць асобна) да яго я таксама імкнуўся не паварочвацца сьпінай.

Калі я туды толькі зьбіраўся ехаць і здаваў свае справы ў газэце, дзе тады працаваў, да мяне на калідоры рэдакцыі падышоў абазнаны ва ўсіх журналісцкіх інтрыгах калега, які з іранічнай усьмешкай сказаў: “Ты памятай, што там (на РС) – тэрарыюм. Там толькі адзіны прыстойны чалавек – Данчык, дый той гомасэксуаліст”. Зразумела, што гэта было чыста зубаскальства. Прыстойных людзей там хапае і без Данчыка. У прынцыпе, усе прыстойныя, проста яны пастаўленыя ў такія ўмовы, дзе беларус беларусу беларус. Такое пяпярэджаньне хутчэй ілюстрацыя таго, якая рэпутацыя ў беларускай рэдакцыі РС сярод абазнаных людзей.

Данчык у ролі ваенрука

Пасада Данчыка на Радыё Свабода пры мне была і ёсьць зараз намесьнік дырэктара беларускай службы, то бок Аляксандра Лукашука. Паколькі ўсім тамака чыста ў стылі свайго РБэшнага візаві кіруе менавіта Лукашук, роля Данчыка зводзіцца да нечага накшталт адміністратара ды публічнага агучвальніка непрыемных рашэньняў Лукашука. Прыемныя навіны Лукашук любіць абвяшчаць сам, каб уся слава, пачОт ды любоў даставаліся яму. Звычайна Данчык складае расклады працы супрацоўнікаў, а таксама афармляе розныя адгулы-адпачынкі. Таксама ён піша характарыстыкі на супрацоўнікаў па выніках нейкага пэрыяду працы. Самае страшнае для любога тамтэйшага супрацоўніка. Бо пры кепскай характарыстыцы адтуль можна й выляцець.

Я там быў чалавекам часовым, з гадавым кантрактам. Лукашук мяне браў у якасьці пінжака на крэсла – часова патрымаць мейсца, каб не занялі, таму мне баяцца не было чаго. Але працэдура там адна для ўсіх, таму мае першыя паўгоду лічіліся выпрабоўчым тэрмінам. Які я пасьпяхова праваліў. “Уд” атрымаў, але чОрную метку таксама. І чорную метку мне аформіў менавіта Данчык.

Вось адна з старонак тае характарыстыкі.

Калі ў дзвюх словах пра тое, што там пішацца з улікам працягу на яшчэ некалькіх старонках, то спэцыяліст я нібыта і добры, але бракуе ініцыятывы, то бок начальству (Лукашуку) я не дагаджаю. Мне ў віну ставіцца тое, то не абнаўляў сайт болей за 5 гадзінаў у нядзелю 4.04.2010, а таксама (найбольш за ўсё) праваліў праэкт “Мапа”. Гэтыя тэмы я буду разглядаць асобна, але паколькі характарыстыка пісалася Данчыкам, то трохі растлумачу што да чаго.

За маім часам на сайце для ўдаваньня эфэкту абнаўленьня трэба было мяняць мейсцамі топавыя матар’ялы. Па выходных звычайна іх ніхто дужа не мяняе, бо там усё адно, што ў лоб, што па ілбе, асабліва, калі няма ніякіх падзеяў. А што было 4 красавіка 2010 году? Нічога. Але Лукашук “пасьвіў” мяне адмыслова (як высьветлілася), таму падлавіў мяне на гэтым. Заўважу, што пасьля “прэзыдэнцкіх выбараў 2010” на топе амаль тры дні вісеў артыкул ГОПніка Дзьмітрыева, які Лукашук загадаў не чапаць.

Што да мапы, то гэта быў адзін з праэктаў Лукашука выслужыцца перад амэрыканскім начальствам, хаця… дапускаю, што ня толькі перад амэрыканскім. Ён піярыў “выбары” мацней за любога саўбелкавага прапагандыстага. У выпадку з гэтай мапай то былі “выбары” ў мясцовыя саветы. Лукашук тады даў мне загад зрабіць інтэрактыўную мапу Беларусі, дзе пры націсканьні там раскрываліся б зьвесткі пра іх хаду (колькі выбарцаў, удзельнікаў і г.д.). То бок ён выконваў ролю папа Гапона, ствараючы гэтым “выбарам” бачнасьць сапраўднасьці. Я хацеў быў даць спасылку на мэгааўтарытэта ў гэтае справе Зянона Пазьянка, але тамака пустая старонка. Вось нібыта бутлег таго выступу. Але тое іншая гісторыя, а гамана пра мой удзел у гэтым.

Тая самая мапа ў статычным выглядзе. У інтэрактыўным флэш-варыяньце націскаліся асобныя вобласьці і Менск, выдаючы экран з дадатковай гіпэртэкставай інфармацыяй.

Мапу я зрабіў, бракавала там некаторай фактуры (яе мусіў быў пастаўляць журналіст зь менскага бюро Ўладзімер Глод, але і ён не гарэў энтузіязмам наконт гэнага лайна). Калі падышоў тэрмін (усё было расьпісана) публікацыі гэнай мапы, мы зь Юрасём Бушляковым (які быў дзённым шэфам вэбу ў той дзень) вырашылі яе паставіць. Бо Лукашук быў недзе ў ад’ездзе, таму запытацца яго дазволу было немагчыма. А Данчык, як я сказаў, тамака выконвае адно ролю статыстага. Лукашук па прыезьдзе быў дужа сярдзіты. Як высьветлілася, ён ужо анансаваў быў урачыстую прэзэнтацыю мапы перад амэрыканскім начальствам, а тут мы яго апярэдзілі… Зрэшты, свой перахадзяшчы зорна-паласаты сьцяг за “лепшае на ўсім радзіве” асьвятленьне “выбараў” ён атрымаў – за “прэзыдэнцкія выбары 2010”. Але, выглядае, той мапы ён мне не дараваў і дагэтуль.

А што Данчык у гэтай гісторыі? Данчык напісаў і даслаў мне чорную метку. Як казаў наш школьны ваенрук, “можно чего-то не знать, главное – отношение”. У маім асабістым жыцьці Данчык стаўся такім вось ваенруком, які ўляпіў мне траяк па НВП за «плохое отношение». Гісторыя, што пачалася ў далёкім 1982 годзе, замкнулася ў кола.

Данчык: 3 комментария

  1. От жа яны цябе ўелі))))))))),апартуніст ты наш)))))).Я папізьдзеў бы з табой,але ж ты ня п’еш-ня курыш… Пачытай ты мой раман нарэшце,можа палягчэе.Павер,ён мае і тэрапеўтычны эфект))))).Насычаны,як на маё разуменьне,парашкамі ад занудства і дэпрэсьняку))))))))

    1. Я табе ўжо казаў, даўно прачытаў бы, каб яна была ў электронным выглядзе. Не чытаю я папяровых кнігаў ужо гадоў 15. Але ж ты яе ўсё адно публікаваў у выглядзе лістоў ды блёжыкаў. Я іх чытаў у свой час.

      Бяры прыклад зь мяне — мая кніга ў выглядзе сайту даступная да чытаньня адразу па меры напісаньня. Нават зь відзевамі. Неўзабаве пляную рэгулярныя відзева-вэрсыі тэкстаў рабіць, як пакой на фазэньдзе для гэтага дараблю.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

5 × один =