Боня (Віктар Івашкевіч)

Мэмуар з талакоўскай нізкі

Гэта незаплянаваны мэмуар з майго талакоўскага цыклю. Першым як мінімум мусіў быў ісьці мой першы настаўнік беларускага нацыяналізму Пінцэт – ён жа Вінцук, ён жа Вінцэнт Рыгоравіч (як мы афіцыйна яго называлі ў школе ў ролі настаўніка беларускай мовы і літаратуры) Вячорка. Але тут гісторыя паўтарылася як і ў выпадку пакуль ня скончаных (усё яшчэ ў працэсе) мэмуараў пра “Радыё Свабода”, калі першым зь іх стаўся мэмуар пра Данчыка, дзе я трохі згадваю пра Пінцэта. Зараз тая ж нагода – 60-годзьдзе “слаўнага сына беларускага народу”.

Зь Віктарам Івашкевічам я пазнаёміўся ўвосень 1985 году на адной з самых першых талокаў “Талакі”, якая тады яшчэ й “Талакой” не называлася. Яна была ў самім пачатку яе фармаваньня. Я тады працаваў наладчыкам на “Інтэграле” разам зь Сяржуком Вітушкам (пра яго будзе асобны мэмуар), які, уласна, і завёў мяне на тую талаку. Віктар, як былы майстровец, там быў сярод старэйшага, больш вопытнага пакаленьня, што адыгрывала ролю свайго роду тайных шэрых кардыналаў, што торгалі за ніткі, застаючыся нябачнымі для шырокай публікі. Але ў адрозьненьне ад рафінаваных ідэёлягаў ды яшчэ й дзяцей ЦК КПБэшнай намэнклятуры, як тыя ж Вінцук Вячорка ды Алесь Суша, Віктар Івашкевіч быў з простага асяродку, а сам працаваў грузчыкам на чыгунцы. Да таго ж, у нацыянальны рух ён патрапіў наўпрост з гітлераўскіх нацыкаў, што тусаваліся тады побач з кінатэатрам “Акцябр”, і дзе быў вядомы пад “паганялам” Боня (якім яго называлі паміж сабой і некаторыя паплечнікі па “Руху”). Менавіта там, у “Акцябры”, як казалі, яго сустрэла будучая жонка — Алена Радкевіч і перецягнула ў нацыянальны беларускі рух. У бытавым пляне яна была добрая партыя — таксама дачушка намэнклятурных бацькоў, таму маладая сям’я адразу займела двухпакаёвую кватэру — такую ж, што мела сям’я Вінцука Вячоркі.

Сам Віктар Івашкевіч у адным з інтэрвію згадвае, што ў “Руху” было два ўзроўні – бачны ды нябачны: “Была двухслойная структура. Адна праца вялася легальна, у чыста культурніцкіх формах — «Майстроўня», потым «Талака». І была група заканспіраваная, падпольная, куды мы вербавалі людзей персанальна, з паручыцельствам. Там ужо адкрыта ішлі размовы пра тое, што наша мэта — гэта незалежная Беларусь без камуністычнага панавання. Там ужо былі і нелегальныя дзеянні — мы выдавалі машынапісны часопіс «Бурачок» і раскідвалі яго па пэўных адрасах. Друкавалі на машынцы таксама антысавецкія ўлёткі і ў бібліятэках укладвалі іх у тамы Леніна, якімі часта карыстаюцца студэнты. Людзі, якія займаліся гэтым, абсалютна свядома разумелі, што гэта тая дзейнасць, за якую могуць пасадзіць у дурдом ці адправіць у Сібір. І мы з жонкай нават разважалі паміж сабой пра тое, чые бацькі будуць выхоўваць наша дзіцё ў выпадку, калі нас арыштуюць”.  Быў, праўда, і яшчэ адзін узровень – стукачы ГБ ды партыйна-камсамольскіх ворганаў, што ўдавалі зь сябе звычайных талакоўцаў. Як часам жартаваў Сяржук Вітушка, з двух талакоўцаў трое стукачы. І ня проста ўдавалі, а былі ўваходжыя ў нябачны ўзровень, як тая ж жонка Віктара — Алена Радкевіч, якая пасьля пераезду ў Прагу заставалася жонкай адно на паперы, маючы, як шырока казала менская журналюшная багема, за палюбоўніка Анатоля Стрэлянага. Таму, уласна кажучы, яна адной зь першых патрапіла на Радыё Свабода, дзе касьцяк цяпер ужо ветэранаў радзіва склалі менавіта “калегі” нязьменнага ўжо болей за 20 гадоў дырэктара беларускай службы Аляксандра Лукашука, які атачыў сябе звыклымі кадрамі (як той жа кіраўнік менскага бюро РС Жданко), сам ці па ўказаньні сваіх гэбэшных куратараў. Віктар Івашкевіч, у адрозьненьне ад іх, стукачом ня быў і да канца жыцьця заставаўся перакананым змагаром спачатку з камуняцкім рэжымам, а пасьля зь іх пераемцамі. Для Віктара, як і для мяне тады, нацыянальны рух у першую чаргу быў не беларушчынай зь яе галоўным увасабленьнем — мовай, а антысаветчынай, што легальна праяўлялася менавіта праз гаварэньне на мове ды розныя легальныя імпрэзы нацыянальнага характару. На гэтай глебе мы зь ім і пасябравалі.

Хоць я і ня быў нацыкам (усё ж такі ў мяне да гітлераўцаў быў ды застаецца асабісты рахунак у выглядзе двух загінулых на вайне дзядоў ды дзьвюх спаленых бабуліных вёсак, адной (па бацьку) разам з маімі 12 стрыечнымі дзядзькамі-цёткамі), мы сышліся зь Віктарам на глебе “адмарожанасьці” ды поўнае пагарды да чалавечага жыцьця. Тое, што ягоная жонка нэўтралізавала Віктара як нацысцкага экстрэміста, ніяк не зьмянілі яго ўнутранай сутнасьці. Ён да канца сваіх дзён заставаўся тым жа “жыдабойцам” – тэрмін які я ўпершыню пачуў менавіта ад яго, і які зноў такі нас моцна зблізіў. Зрэшты, жыдабойчы сантымэнт збліжаў амаль усіх талакоўцаў першай хвалі (другая, што ўжо легальна зьбіралася ў клюбе, Талакой была выключна па назве, што было вынікам плянамернай працы “ворганаў”, якія пасьпяхова нэўтралізавалі экстрэмісцкі складнік, але пра гэта будуць асобныя мэмуары). Мой бацька таксама быў юдафобам (зь дзяцінства ён мяне вучыў свае мудрасьці жыцьця: “Я не давяраю тром – мянтам, сабакам, жыдам”). Хоць да Віктара Івашкевіча майму бацьку было далёка. Віктар з гонарам хваліўся, як яго сын Стась (яму тады было 5-6 гадоў) вешаў лялек, кажучы, што вешае жыдоў. Мы, талакоўцы, з гэтага вельмі цешыліся – во які правільны беларус расьце!

«Правільны беларус расьце!»

Вельмі папулярнай тады была кніга (забыўся на яе назву) нямецкага выданьня 1943 году, што тлумачыла сусьветную змову “жыдоў”, і, натуральна, “Пратаколы сыёнскіх мудрацоў”. Гэтыя кнігі даставаў нам Віктар праз сваіх былых паплечнікаў па нацыкаўскай суполцы. Нават адмысловыя лекцыі чытаў на гэтую тэму для свайго кола зь ліку сталых удзельнікаў “Талакі” (яшчэ раз нагадваю, тая “Талака” 1985-1987 году была зусім іншай, адрознай ад больш позьняй, што існавала пад той жа назвай у выглядзе сходаў-гаварыльняў у клюбе нейкага заводу на вуліцы Маскоўскай – побач з Домам Быту). Мы ў роўнай ступені ненавідзелі і камуняк (гэтае слова я таксама ўпершыню ад Віктара пачуў, і “жыдоў”). Віктар для мяне стаўся вялікім аўтарытэтам, сказваўся тут і ўзрост – Віктар быў старэйшы за мяне на 7 гадоў. А ў ва мне ён знайшоў удзячнага вучня.

Адзін з «падручнікаў талакоўца» ад Віктара Івашкевіча

Як і мне, Віктару было цесна ў культуралягічным асяродку, фактычна гетта, у які праз сваіх агентаў уплыву нас заганялі нашыя гэбэшныя куратары. Таму мы пачалі пляняваць стварэньне трэцяй групы – баявіковай, так бы мовіць. Хаця спачатку мы сышліся на тым, што хацелі ўцячы на Захад. Паколькі мяжа СССР тады была на карацупаўскім замку, што мыш не праскочыць, адзіным спосабам яе перакрочыць тады быў угон самалёту. Балазе існаваў натхняльны прыклад бацькі ды сына Бразінскасаў. Добра памятаю, як у канцы 1985 году, седзячы ў Віктара на кухні мы падрабязна складалі плян угону самалёту ў ПАР, што была для нас ледзь не зямлёй абяцанай. Тады сёньняшніх мераў бясьпекі на авіялініях не было, і мы былі ўпэўненыя, што пранесьці гранату ў корпусе радыёпрымача “Акіян” на борт самалёту ня будзе праблемай. Угон мы плянавалі недзе на восень 1986 году і, пэўна, зрабілі б такую спробу, але, як было прынята казаць у савецкай літаратуры, перашкодзіла вайна. Дакладней тое, што мой ідэалягічны развой выйшаў на іншы ўзровень, і я захапіўся ідэяй стварэньня падпольнай баявой арганізацыі. Балазе было дастаткова гістарычных прыкладаў ад левых эсэраў да баявікоў таварыша Сталіна. А герой Чарнышэўскага Рахметаў стаўся для мяне прыкладам для насьледаваньня поруч з Брусам Лі ды Масутацу Аямай – бо на гэты час іншы талакоўскі ідэёляг жыдабойства Алесь Крыштаповіч завёў быў мяне да сябра свае сям’і — трэнэра таэквандо Боткіна.

Віктар ухваліў мае ідэі наконт групы баявікоў, і я прапанаваў першую рэальную акцыю – зноў такі па прыкладзе левых эсэраў – гоп-стоп афрыканскіх студэнтаў для папаўненьня “партыйнай касы” (лістапад 1986 году). Да нас далучыўся і родны брат Віктара Яўген. Ён мне запомніўся як змрочны ды неразгаворлівы чалавек (тады як Віктар быў вясёлы ды гаваркі). Плян быў просты: высачыць у раёне абшчаг на вуліцы Кастрычніцкай якога нэгра (іх тады ў Менску было шмат), нэўтралізаваць ударам чым цяжкім па галаве ды пазбавіць ад наяўнасьці грошай ці іншых ліквідных матэрыяльных каштоўнасьцяў. У якасьці інструманту Яўген прапанаваў драўляную таўкушку для бульбы. Я б аддаў перавагу чамусьці больш цяжкому – накшталт “зімовых нунчакаў” з дзьвюх арматурын недзе па кілё кожная, абкручаных прапітаных эпаксідкай вяровак, што быў зрабіў тады мой лепшы сябар Мікола Касьцюкевіч (ён выкарыстоўваў іх для сілавых трэніровак, пасьля якіх больш “чалавечыя” нунчакі было круціць куды лягчэй. Дарэчы, гэтыя “больш чалавечыя” нунчакі потым (у 1996 годзе) фігуравалі ў крымінальнай справе КДБ таксама яшчэ аднаго былого талакоўца і майго аднагрупніка па філфаку БДУ, паэта Славаміра Адамовіча), але трохі падыскутаваўшы, сышліся на менш траўматычнай аднаразавай (бо яе лёгка было выкінуць) таўкушцы, якую і ў кішэні можна было схаваць.

Тая самая таўкушка

Далей было як у кепскім баявіку. Сабраліся каля піўнухі “Сьвіслач”, дзе найбольш часта сядзелі іншаземныя студэнты-нэгры, ды пачалі высочваць ахвяру. Чамусьці добра запомнілася, як заўсёды змрочны (што адмоўны пэрсанаж тых жа кепскіх баявікоў) Яўген коратка сказаў: “Чорныя”. Мы пайшлі за імі, узяўшы ў рукі таўкушкі. Але ў той раз не атрымалася, а другога ўжо не было. Чаму? Тут трэба найперш адказаць на тое, чаму Віктар Івашкевіч на гэта пайшоў. Рабіў ён гэта сур’ёзна, але абставіны не склаліся? Тады чаму не было паўтору? Калі гэта было “па-нарошку”, для праверкі мяне, то дзеля чаго/каго? Магчыма з падачы тых жа вінцукоў-сушаў, за якімі, у сваю чаргу стаяў Зянон, высьветлілі, што я сапраўды адмарозак (як зараз называюць самаахвярных фанатаў-ідэалістаў). Тады лепей мяне не дапускаць у іх кола. Зацятыя фанаты небясьпечныя для тых, хто цэніць камфорт ды любяць скарыстоўваць людзей як пешак. Але гэта дужа складана для такой прымітыўнай, як паказала далейшая гісторыя, публікі. Чаму я сам болей не прапаноўваў? Элемэнтарна – чакаў іх крокаў, а іх не было, з чаго я зрабіў выснову, што Віктар недаацаніў мяне, што я сапраўды на гэта пайду. Таму атрымалася свайго роду ўзаемная праверка на ўшывасьць у стылі дваровай шпаны – “А слабо?” “Не слабо!” Браты Івашкевічы дый я разам зь імі не далёка ад тае шпаны адышлі, калі параўноўваць з рафінаванымі дзеткамі намэклятуры (Вячорка ды Суша), што нябачна торгалі ў Талацэ за нашыя ніткі. Праверку ўзаемна прайшлі дый годзе. А мая таўкушка засталася ды выкарыстоўваецца дагэтуль па сваім кухарскім прызначэньні.

Ёсьць таксама вэрсыя, што да адсутнасьці працягу прыклала руку ягоная жонка, што была яго сямейным гэбоўскім віжам. Кабета яна валявая, уладалюбная, з тых, што маюць за мужаў падабцасьнікаў. Цалкам дапускаю, што Віктар і быў такім падабцасьнікам. Праўда, пра яе гэбоўскую сутнасьць я даведаўся значна пазьней, калі ўпершыю сутыкнуўся зь ёю на Радыё Свабода ў Празе ў 1998 годзе, дзе яна працавала. Я тады быў там усяго месяц, фармальна ў якасьці практыканта, а на справе рабіў самы першы сайт svaboda.org (тое асобная гісторыя). Тады я быў вельмі непрыемна ўражаны яе халоднымі, амаль варожымі адносінамі да мяне. Пры тым што калісьці разам былі ў Талацэ, і я быў нечым накшалт сябра сям’і. І пазьней, калі я сам стаўся штатным супрацоўнікам РС у Празе ў 2009-2011 гг, яна найбольш за ўсіх мяне прэсавалі ды закладала начальству. Прафэсыйная звычка – былых гэбоўцаў не бывае. Іншае тлумачэньне ў галаву не прыходзіць. Ну ня сьпісваць жа ўсё на традыцыйную формулу “беларус беларусу беларус”! А ў 1986 годзе я ўсіх “сьведамых” наіўна лічыў братамі ды сёстрамі ў Бацькаўшчыне. Сэкта ў натуры, як кажа пэўны кантынгент.

Артыкул у газэце «Вячэрні Мінск» (выходзіла і па-беларуску) ад 15.03.1986. Талака адбывалася 09.03.1986. На правым фота другі зправа Віктар Івашкевіч. Я ў гэты дзень там ня быў, бо дзяжурыў на штомесячнай прамыўцы сыстэмы падачы дэіанізаванай вады на «Інтэграле», што рабілася ў нядзелю, калі завод не працаваў.

Так ці йнакш, больш да “баявіцкай” тэмы мы не вярталіся, хаця ў выпадках, калі былі патрэбныя нейкія сілавыя дзеяньні, мы зь Віктарам іх прадпрымалі. Адзін з такіх выпадкаў я апісаў у мэмуары пра тое, як цяпер “праваабаронца”, а тады камсамольскі актывіст Алег Воўчак зьбіваў нашых “падшэфных” дзетак з мастацкай вучэльні, што ладзілі “Гуканьне вясны”. Тады мы ўдвох зь Віктарам пайшлі на жорсткую канфрантацыю з куды большай колькасьцю камсамольцаў-афганцаў і фактычна перамаглі (чытайце пра гэта асобны мэмуар). Больш такіх інцыдэнтаў не было. Яшчэ адзін падобны выпадак быў у 1988 годзе, калі я ўжо год як кінуў быў “Талаку”, але захаваў прыязныя адносіны зь Віктарам, зь якім я перасякаўся на той ці іншай імпрэзе (накшталт самага першага мітынгу дэмакратычных сілаў на стадыёне “Дынама” у тым жа 1988 годзе ці аховы пэрымэтру ў “Курапатах”, калі там адбыўся першы мітынг з нагоды адкрыцьця там масавых пахаваньняў ахвяраў НКВД). Другі выпадак быў падобны да першага – нейкія мясцовыя хуліганы пакрыўдзілі кагосьці з талакоўцаў ці прыталочаных, што ладзілі нейкае фольк-мерапрыемства ў сквэры Янкі Купалы. Віктар тады гукнуў збор хлапцоў, што маглі паставіць хуліганаў на мейсца. “Трэба ім паказаць, што нашых людзей чапаць нельга!”, — прыблізна так растлумачыў мне задачу Віктар. Я тады прыйшоў разам з маімі сябрамі ды калегамі па культурысцкай качалцы Міколам Касьцюкевічам і Юрасём Лаўрыкам, які быў ці ня штатным “дружыньнікам” у нэаТалацэ. Лаўрык тады нас і паклікаў, як і ў выпадку з “Дынама”. Зь Віктарам я на той час асабістых адносінаў ня меў, хаця пры выпадковай сустрэчы перакідаліся парай словаў. Па дарозе (каля Цырка) да нас далучыўся нават мой сябар дзяцінства Алег Дубавец, зараз вядомы адвакат, які жыў побач. Хуліганаў мы напужалі адной сваёй прысутнасьцю. Але калі параўноўваць разборкі з камсамольцамі ці хуліганамі з плянамі ўгону самалёту ці гоп-стопамі нэграў, яны выглядаюць сьмешна. Таму я ўсё больш схіляюся да вэрсыі таго, што і самалёты, і гоп-стопы – былі чыста фантазыямі Віктара для ўзвышэньня сваёй асобы ў сваіх ці чужых вачах. Фантазыямі, якія нечакана для яго ў маёй асобе набылі пагрозу ажыцьцяўленьня. З гоп-стопам яго пранесла, пасьля чаго ён болей так не фантазыяваў.

Як я ўжо сказаў, болей баявіцкіх дзеяньняў мы не прадпрымалі, самалёты ўганяць таксама не плянавалі. Да ўсіх ужо пералічаных “натуральных” вэрсыяў я б дадаў і звышнатуральную — Божае ўмяшальніцтва, хоць на той час я быў ваяўнічым бязбожнікам. Мой бог быў Беларусь. Я памятаю, як неяк нехта усчаў дыскусыю пра каталіцкую ды праваслаўную рэлігію, якая зь іх бліжэйшая да беларусаў, хаця ў Талацэ апроч традыцыйнага паганства беларускай рэлігіяй па змаўчаньні лічілася ўніяцтва. Адбывалася тое ў “Акварыюме” на вуліцы Кульман, дзе ладзіла свае фольк-сьпеўкі Ларыса Сімаковіч, даючы пад гэтай нагодай праводзіць там сходы талакоўцаў – пасьля сканчэньня сьпевак. Перад якімі, праўда, усе яе дзеўкі-пявуньні хуценька разьбягаліся, шалёна баючыся “палітыкі”. Мы тады зь Віктарам аднолькава адрэагавалі на гэтую дыскусыю: “Які яшчэ Бог? Наш бог – Беларусь!”

Паколькі Віктар быў грузчыкам, а я да паступленьня на філфак у 1986 годзе быў наладчыкам ТА на “Інтэграле”, як і Сяржук Вітушка, мы стала выступалі ў ролі рабочых там, дзе патрабавалася афіцыйная спасылка на гэта. Напрыклад, пры напісаньні лістоў з патрабаваньнем таго, каб прыпынкі ў мэтро абвяшчаліся па-беларуску. Ці на тэлевізыі, куда мы прасочваліся ў якасьці глядацкай масоўкі. Асабліва мы любілі ўдзельнічаць у перадачы “ТЭМП”. Быў такі рэжысэр Вінаградаў, рускі з Расеі, які любіў для вастрыні дыскусыі прыцягнуць “беларускіх нацыяналістаў”. Мы зь Віктарам там удавалі прадстаўнікоў рабочае клясы. Бо асноўны касьцяк Талакі складалі студэнты ды “гнілая інтэлігенцыя”. Віктар на інтэлігента зусім не цягнуў. Дагэтуль памятаю, як выпучыўшы вочы і выкаціўшы шырокія грушчыцкія грудзі, ён горда казаў: “Я – рабочы!”. У меня такой знешняй фактуры не было, але і я ўдаваў зь сябе пралетарыя. За камуністамі гэта быў важкі аргумэнт.

Апошняя старонка майго ліста да cтapшынi Дзяpжкaмiтэтa БССР пa тэлeбaчaннi i paдыёвяшчaннi Генадзя Бураўкіна

Ідэялягічна, як я ўжо казаў, зь Віктарам мы былі блізкія – аднолькава жыдабойцы, аднолькава ваяўнічыя што да мэтаў дасягненьня канчатковай перамогі беларушчыны, аднолькава бязбожныя. Нават пад гітлераўшчыну ён падвёў пазытыўнае абгрунтаваньне, растлумачыўшы мне, што татальнаму вынішчэньню падлягала ня ўсё насельніцтва Беларусі, а толькі жыды, цыганы ды іншыя унтэрмэншы, тыпу маскалёў-вуграфінаў. А сапраўдных беларусаў Рыбэнтроп абвесьціў арыйцамі, якія падлягалі не вынішчэньню, а анямечваньню. Яшчэ Віктар марыў пра тое, каб прайсьці шчыльнымі шыхтамі ў паходнявым шэсьці. Гэта ўжо давалася ў знакі яго нацыкаўскае мінулае. А ў астатнім нашыя погляды не разыходзіліся. Але вось сяброўства не было. Магчыма, тое была розьніца ва ўзросьце, магчыма ў тым, што ў адрозьненьне ад яго я не ўжываў алькаголю, які на нашых балотах адыгрывае ролю галоўнага сябратворнага фактару. Па гэтым пытаньні я быў ваяўнічы цьвярэзьнік і лічыў ужываньне гарэліцы ледзь ня здрадай нацыянальнай ідэі. Маўляў, беларусаў спойвалі жыды ды маскалі, як жа можна нам, патрыётам! Сапраўдныя змагары павінны дбаць пра сваё фізычнае ды разумовае здароўе, а не разбураць яго алькаголем. Амаль як у таго Зянона Пазьняка, які, згодна з адной байкай, забараніў сваім аднапартыйцам піць гарэлку ў купэ падчас нейкай паездкі на цягніку, сапсаваўшы тым усю паездку. Мараль гэтай байкі такая: вось таму Пазьняк і прайграў. Чужы нашым людзям чалавек. Зьвер ды садыст!

Першы раз я засумняваўся ў шчырасьці Віктара, калі мы разважалі пра далейшы лёс Бацькаўшчыны ў стылі “А калі мы возьмем уладу”. Я тады абмовіўся, што мы змагаемя ня дзеля кар’еры. На што Віктар зь яго традыцыйнай пасьмешкай і выпучанымі вачыма сказаў: “Ну чаму ня дзеля кар’еры?”. Мяне тады гэта непрыемна ўразіла, бо пастаянна заўважаў няшчырасьць у адносінах да шэраговых удзельнікаў Талакі з боку “шэрых кардыналаў” – Вячоркі, Сушы, таго ж Івашкевіча. Яны заўсёды нешта не дагаворвалі, скарыстоўвалі нас як рукі для дасягненьня сваіх мэтаў уцёмную. Як гэта робіцца ў сэктах. Зрэшты, Талака і была самай сапраўднай сэктай, дзе богам была Беларушчына. І нават мова сакральная была – беларуская. Канчаткова шэрым кардыналам наогул і Віктару ў прыватнасьці я перастаў давяраць пасьля таго, як мне ў паштовую скрыню падкінулі “Бурачка”. Я ўжо дастаткова разьбіраўся ў рэаліях Руху, каб разумець, што апроч знаёмага мне талакоўскага кола такога ніхто ня мог рабіць. І вельмі непрыемна было назіраць, як Віктар разам з тым жа Вінцуком імітавалі няведаньне. “Во як! Цікава. Пэўна, кінута невядома кім, вядома ў пальчатках, і выдаванае было ў пальчатках, каб не было адбіткаў”, – казаў Вінцук, удаючы зьдзіў. Ладна Вячорка, сын партыйнага намэнклатуршчка, які імкнуўся рабіць чорную работу чужымі рукамі, тым болей, што наконт яго ёсьць падазрэньні ў прыналежнасьці да ГБ. Але ж Віктар, якому я даверыў сваё жыцьцё (угон самалёта ды рабаваньне нэграў)!.. Як пазьней высьветлілася, мае здагадкі былі слушныя. Вось словы Віктара Івашкевіча з ужо цытаванага вышэй інтэрвію: “Калі ў 1987-м годзе мой брат Яўген быў арыштаваны за распаўсюд нелегальнага часопіса «Бурачок» і пачалі цягаць усіх на допыты — мы раптам убачылі, што беларускія ўлады не могуць прымяніць рэпрэсіі, вышэйшае кіраўніцтва ў Маскве не дазваляла. Вядома ж, з’явіўся артыкул у «Вячэрнім Мінску» пра братоў Івашкевічаў, якія распаўсюджваюць антысавецкую літаратуру”. Эпізод з удаваньнем Вячоркамі ды Івашкевічам дурняў прымусіў мяне моцна задумацца над сваёй роляй у Талацэ, роўна як і ролях і паводзінах іншых людзей, што ў выніку прывяло да майго зыходу зь яе ў лютым 1987 году.

Бурачок. Першая старонка
Бурачок. Другая старонка
Бурачок. Трэцяя старонка (цалкам выкладу гэты выпуск у бліжэйшы час)

Пасьля чаго я перасякаўся зь Віктарам выпадкова, ці то на апісаных вышей акцыях, куда мяне запрашаў Юрась Лаўрык (агульны наш зь Міколам Касьцюкевічам сябар), ці то на нейкіх масавых мерапрыемствах, што ўжо ў постсавецкі час ладзіў той жа БНФ, ці то чыста выпадкова сустрэўшыся на вуліцы. Запомнілася апошняя недзе у пачатку 2000-х. Я зайшоў да яго ў рэдакцыю газэты “Рабочы”, якую ён выдаваў, каб даць адну аб’яву пра ствараную супольна с Артурам Вольскім ды Андрусём Дылюком эвангельскую беларускамоўную суполку. Віктар тады задаў мне адзінае пытаньне: “Ты ўсё на сваіх жыдоў працуеш?”. Я так і не зразумеў, што ён меў на ўвазе — маю колішнюю працу на “жыда” Сораса ў фінансаваным ім Мас Мэдыя Цэнтры, ці маё рэдагаваньне сайту мэсыянскіх габрэяў, хаця пра гэта Віктар наўрад ці мог ведаць. Хіба распавёў яму нехта з нашых агульных знаёмцаў, што былы жыдабойца, якім ён мяне ведаў, прыняў “жыдоўскага” Мэсыю. Дарэчы, пра гэты цуд біблійнага маштабу я заўсёды распавядаю юдэям у якасьці доказу таго, што Ісус ёсьць Богам і Мэсыяй. Толькі сапраўдны жывы Бог мог прымусіць юдафоба, якім я быў у Талацэ, прачытаць “жыдоўскую” кнігу (Біблію) ды прыняць “жыдоўскага” Бога і Мэсыю Яўгушуа.

Апошні раз я бачыў Віктара Івашкевіча ў Празе (куды езьдзіў забрать дахаты засталыя там пасьля працы на Радыё Свабода асабістыя рэчы) увосень 2012 году праз вакно вагона мэтро, калі той стаяў на станцыі разам з сваім сынам Стасем (тым самым, які вешаў лялек-жыдоў), зь якім я да таго працаваў на Радыё Свабода, а зараз ён працуе на Белсаце. Хоць з жонкай Аленай Віктар даўно ня жыў, афіцыйна яны заставаліся ў шлюбе, бо на чальцоў сям’і амэрыканскі ўрад выдаткоўвае дадатковыя грошы на жытло, аплочвае найлепшую у сьвеце страхоўку (я пра гэта падрабязна апісаў тут) ды дае від на жыхарства ў Чэхіі і магчымасьць атрыманьня Грынкарду ды амэрыканскага грамадзянства. Я тады яшчэ падумаў: “Бацюхны! Боня! Які цесны гэты сьвет!”

Нацыкаўскі сантымэнт не адпускаў Боню канца жыцьця

На хаўтуры Віктара я не хадзіў. Я амаль ніколі (за рэдкім выключэньнем) не хаджу на хаўтуры. Як перадаў мне наш агульны знаёмы, адзін з самых першых талакоўцаў, адна з таксама першых талаковак, вельмі блізкая мне ў той час, скрушана сказала: “Ну чаму памёр Івашкевіч, а не Бараніч?”. Сапраўды, чаму?

Боня (Віктар Івашкевіч): 10 комментариев

  1. Дзякуй, цікава. Многа фактаў, але многа і дапушчэнняў. І як мінімум выснова аб тым, што «Нацыкаўскі сантымэнт не адпускаў Боню [да] канца жыцьця», выглядае сумнеўна. Помню, у той самай газеце «Рабочы» восенню 2001 г. была заметка пра антыфашысцкі чын, у якім бралі ўдзел маладафронтаўцы, Я. Гутман… ну і В. Рубінчык.

    1. І што? Дзеля грантаў ён бы яшчэ й Осэ шалём прасьпяваў бы. Гэны подпіс — гэта іронія наконт ягонай вэрмахтаўскай кэпі. А дапушчэньні… Што хачу — тое і дапускаю. Я ня СМІ, а свае мэмуары і думкі выкладаю. Калі ёсьць аргуманты для абвяржэньня — выкладайце, пастаўлю ды павінюся, калі дзе памыліўся. А няма, дык няма чаго уолд уайд уэб засьмечваць беспадстаўнымі сумневамі.

      1. «Я ня СМІ, а свае мэмуары і думкі выкладаю». Выкладайце на здароўе, а маё чытацкае права — ацэньваць прачытанае так, як лічу патрэбным. Абвяргаць дапушчэнні… пазбаўце. Калі заўвага, што нешта «выглядае сумнеўна», Вас настолькі зачапіла, маеце права яе выдаліць. Як і гэты камент.

        1. Я не займаюся цэнзурай. Я ж не Радзіва Свабода, і не Хартыя, якія камэнты пачкамі выдаляюць. Я не выдаляю нават абрАзаў у свой адрас. Гэта ўсё літаратура. А я — дыплямаваны літаратуразнаўца. )))

        2. Карацей, пішыце, што лічыце патрэбным, а я буду пісаць, што я лічу патрэбным. У тым ліку і на камэнты. Я ж Акын — што бачу, тое і пяю. )))

          1. Уладзімір, а шо Вы нейкую фігню ў фб напісалі? Асабліва недарэчным было параўнанне з Ліпковічам, чаму — пачытайце тут: https://belisrael.info/?p=21709
            Летась я адгукнуўся на Вашую «бомбу», калі забыліся, то нагадаю: https://belisrael.info/?p=15350 Не хочаце супрацоўнічаць з belisrael — ніхто не прымушае, але навошта было прыдумляць, што мы штосьці замоўчваем?

            1. Я не Вас асабіста меў на ўвазе, а яўрэяў наогул, дакладней, адэптаў юдаізму, якія ненавідзяць Мэсыю Яўгушуа. Прашу прабачэньня, што паставіў вас у гэты шэраг, тым болей разам зь Ліпковічам (што ўжо само па сабе абраза, як я разумею). Не падумаў. Я схаваў той пост — пісалася насьпех, а рэдагаваць не хачу — тое чыста эмоцыя. Пры выпадку буду з вамі супрацоўнічаць. Яшчэ раз прашу асабістага прабачэньня.

              1. ОК, прымаецца. Ліпковіча ведаю слаба — хіба пару разоў бачыў у Мінску. Чалавек ён не без таленту, але пра Севярынца выказваўся дужа паскудна. Спадзяюся, у рэшце рэшт і ён папросіць прабачэння.

    2. Атрымаў фідбэк ад вядомага расейскага палітоляга з выразнай крамлёўскай арыентацыяй:

      Я его хорошо знал. Лютый был нацик, но как ни странно, мы относились друг к другу с симпатией, и идеологии не мешали

      Причем разговаривали без дипломатии

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

4 + 14 =

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.