Ніва № 32 (1787), 12 жніўня 1990 г.

Басовішча [1990 г., першае]

Ян МАКСІМЮК

Так, такой імпрэзы ўсе чакалі, пра такую марылі. Да яе Беларускае аб’яднанне студэнтаў ішло праз шматлікія мерапрыемствы інцыдэнтальнага або ўнутранага характару: святкаванні такіх ці іншых угодкаў, турыстычныя вандроўкі, студэнцкія атрасіны, Купалле, больш ці менш афіцыйныя папойкі... І раптам „Басовішча”... Ну, можа не зусім раптам, ідэя фестывалю музыкі беларускай моладзі выношвалася ў студэнцкім асяроддзі бадай ці не год, хоць ажыццявіць яе давялося на працягу некалькіх напружаных тыдняў перад самой імпрэзай у Гарадку. Агульна кажучы, арганізаванне ў БАС зводзіцца да назначэння месца і прыблізнага часу імпрэзы (практыка паказвае, што пунктуальнасць, як такая, пазбаўлена для беларусаў жыццёвага сэнсу). Гэтая справа паглынае працэнтаў дзевяноста інтэлектуальнай і фізічнай напругі басаўцаў. Астатнія дзесяць (працэнтаў) прыпадаюць на закуп правіянту. Магчыма, што ў выпадку „Басовішча” гэты прынцып арганізацыйнай асіметрыі пахіснуўся, хоць... пачакаем афіцыйнай версіі падзей у Гарадку, якая будзе неўзабаве, як спадзяюся, прадстаўлена Міколам В. Пакуль што прапаную чытачам свае неафіцыйныя назіранні, адчуванні, хваляванні і блуканні па „Басовішчы”.

Месца на фестываль падыйшло, як трэба. Па-мясцоваму называецца яно Барык, што тлумачыцца па-амерыканску: Вудсток. Пагода, нібы па заказу: аксамітны летні вечар. Графічны сімвал фестывалю: выява свінні з крыллямі ў белым полі (лыч з левага боку, трохі скосам на гледача). Калі асэнсаваць гэтыя рэчы агулам, то ўрэшце рэшт можна і выбачыць студэнтам, што назвалі сваё „Басовішча” па-камсамольску: Фестываль музыкі беларускай моладзі. Калі я быў схапіўся і прапанаваў адзіную адпаведную назву — Фестываль музыкі Маладой Беларусі, — было ўжо запозна: студэнты шпарнулі тысяч колькі афішаў з анонсам імпрэзы. Маладосць, маладосць...

Дзень першы, 13 ліпеня. Меўся быць канцэрт аўтарскай і бардаўскай песні... Але ж барды не даехалі! Аднекуль нехта прынёс звестку, што мінскія выканаўцы запыніліся ў Брэсце і мітынгуюць. Так?! Значыць, на Гарадок ім напляваць?.. Тхнула духам узаемнага беларускага непаразумення... Праграму трэба было перайначваць. Я зразумеў, што ўсё ідзе звычайна, так як і належала спадзявацца. Прыехаў самаходам Пётр Скепка і паставіў на сцэне апаратуру. Мастацкі кіраўнік фестывалю, Бася Кучынская, якая ўжо ад рання хварэла ад хвалявання, раптам аправілася і нанава зрэдагавала праграму. Учыніла мужнае намаганне запанаваць над хаосам і празмерным ростам арганізацыйнай энтрапіі або, як кажуць амерыканскія беларусы, палагодзіла балаган.

На змярканні хлынула ў Барык публіка. Ужо раней моладзь, якая прыехала сюды на тры дні, расставіла палаткі на пляцоўцы каля пагранічнай заставы. Мясцовыя прыйшлі пазней, але таксама на добрыя гадзіны дзве перад пачаткам імпрэзы, каб скаштаваць піва. Нейкі недабразычлівец „Басовішча” пусціў плётку, што гарадоцкі войт забараніў продаж піва. Нібыта таму, што людзі купляюць міхалоўскае, а гарадоцкага напою ніхто не бярэ... Аксамітны летні вечар захмарыўся на момант сутыкненнем драпежных капіталістычных інтарэсаў.

На сцэну выйшла віцебская „Грамада”. Гурт, які падабаецца і старым, і малым. Хлопцы пайгралі і паспявалі гадзінку, размякчылі публіку. Роўна а восьмай наступіла афіцыйнае запачаткаванне „Басовішча”: на сцэну выйшла Бася Кучынская ў шыкоўнай сукенцы і пантофліках, а за ёю я ў пінжаку свайго брата і ботах Валіка С., таксама шыкоўных. Прывітанні, пажаданні, падзякі, усё як трэба... Міраслаў Пякарскі, адзін з арганізацыйных кіраўнікоў фестывалю, адкрыў бутэльку шампанскага. Урраааа! „Басовішча” адкрытае! Скрозь буйныя слёзы ўзрушанасці я здолеў убачыць сярод публікі прэзідэнта БАС Яўгена Вапу з малжонкай, абложаных батарэяй піўных бутэлек, хто ведае пустых ці поўных...

На пачатак Сяржук Сокалаў-Воюш заспяваў пра птушку заўтрашняга дня, сімвал „Басовішча”. І ў Гарадок „Прыляцела з крыллямі свіння”!

Потым пайшла Беласточчына, зямелька родная. Што і казаць... Апалячвалі нас тут і апалячвалі, і не далі рады. Гады дарэмнай натугі. Сёння з шэрай масы тутэйшага люду падымаецца Маладая Беларусь з новымі песнямі і сэрцамі, узмужнелымі ў беспрытульнай вандроўцы па моры непакрыёмай варожасці.

„Не плач, Айчына, вялікі Бог магіл тваіх палечыць раны”, — спявала Эля Бэзюк цудоўныя словы Андрэя Сцепанюка. Пра веру ў тое, што прыйдзе час, калі Айчына-Маці ўсіх сваіх дзяцей ахіне сваім лонам... „І будзе баль, карнавал”... на атручанай і чарвівай зямлі, калі народ запатрабуе адплаты за апаганеныя і знішчаныя свае святыні...

Дзяўчаты запалілі знічы і свечкі і абставілі імі сцэну.

Нешта там не наладзілася ў хлопцаў з „Альбаросікі”, і на вялікае сваё засмучанне дзяўчаты даведаліся, што выступу гэтага гурту на „Басовішчы” не будзе. Затое прыбыў іхні вакаліст Янка Хоха з гітарай. Ён заспяваў усяго тры песні, але як! Янка з той нешматлікай і зайздрасці годнай пароды музыкантаў, за якімі дзяўчаты ідуць як у дым. Хай там імперыі знікаюць, хай там... што яшчэ?... ну, чужаніца жыве побач, а яны ўсё роўна за ім! У атмасферы вычувалася напружанасць, на мяжы эратычна істэрыкі.

Я асушыў адну бутэльку піва з запасаў прэзідэнта і ягонай малжонкі.

Дуэт семінарыстаў з Яблачына — Дарафей Фіёнік і Адам Ляўчук — зацугляў разбрыканую публіку і прымусіў настроіцца на яшчэ іншы лад: на ўспрыманне ў дыяпазоне духоўнай медытацыі, падмацаванай віртуознай ігрой на гітарах. Нехта, з гордасцю за Беласточчыну, кінуў заўвагу, што „Басовішча” — гэта найзначнейшая падзея ў дзейнасці БАС з часу яго заснавання. Мне зрабілася страшна...

Перад мікрафонам засеў Віктар Шалкевіч з Гародні, адрэкамендаваны Басяй Кучынскай як „бацька бруднага беларускага блюза”. Знарок рэзкі і „неахайны” акампанемент на гітары дасканала адцяніў ядавіта-салодкія, вяскова-гарадскія, мужыцка-інтэлігенцкія панбеларускія тэксты Віктара. Раманс пра Беласточчыну і звалены Яновічаў плот выклікаў фурор... Апаратура Пятра Скепкі пачала даваць у гарадоцкі эфір нейкае падазронае рэха... Віктар сышоў з эстрады як новакрэаваная зорка...

На эстраду ступіў Сяржук Сокалаў-Воюш. „Аксамітны летні вечар” падхапіў раздабрэлую ад эстэтычных уражанняў публіку на ногі. І яна ўжо не села да канца выступу Сяржука. Спявала разам з ім... А тут яшчэ Сяржук праспяваў новы свой тэкст, у якім дужа-дужа добра адазваўся аб БАС. Я думаў, што басаўцы падурэюць ад шчасця... Паветра наэлектрызавалася нацыянальным флуідам... Струны гітары лопалі са свістам... Сяржук памяняў адну гітару, другую... „Ну, што спяваць яшчэ?” Людзі сказалі яму, што. Усё, што ведалі і чулі дагэтуль у ягоным выкананні. Апаратура звягала з апошняе моцы і жахалася трывожным сабатажным рэхам...

Было яшчэ пару добрых крокаў да поўначы, калі перад мастацкім кіраўніком фестывалю, міс Кучынскай, узнікла страшнае пытанне: што далей? Паводле распіскі, усе пункты праграмы вычарпаліся... Сітуацыю паправіў Уладзімір Варачаеў, які прыехаў разам з Сяржуком, і запрапанаваў свой выступ... Бася ўхапілася за прапанову, як тапельнік у Семяноўскім вадасховішчы хапаецца за саломінку... Але і гэтага было мала. Тады яна папрасіла ў хлопцаў з „Грамады”, каб выступілі яшчэ раз і даканалі раз’юшаную публіку, каб яна ўжо пайшла спаць...

Ды тут аказалася, што знік адзін неабходны кабель, каб на яго ліха, а разам з ім і Пятро Скепка. Пасля паўгадзінных роспачных гуканняў праз мікрафон паявілася адна паненка і прынесла той кабель... Адкуль яна ведала, што якраз такі патрэбны? „Грамада” рушыла ў атаку...

Я рушыў у Станцыю Валілы пераначаваць у Алеся Карпюка. Маёй растрывожанай існасці пад аксамітным гарадоцкім небам спадарожнічала духоўная і цялесная прысутнасць маёй малжонкі.

Дзень другі, 14 ліпеня. Зранку неба сыпнула далікатным дожджыкам, от, нехта расплёскаў паўкуфлікат на небе або чыхнуў брамнік Пётр... Студэнты пазіралі ў неба з панурым дакорам. Але ж не, усё прасвятлела, і неба, і наваколле, і нашы душы грэшныя...

Апоўдні тэхнічная экіпа з беластоцкага клуба „Гвінт” прыцягнула грузавіком некалькі тонаў гукаўзмацняльнікаў і кабеляў. Другі дзень „Басовішча” прызначаны быў цяжказбройным шыхтам. Даехаў яксьці аўтобус з мінчукамі, а ў ім Кася і Алесь Камоцкія, Вольга Цярэшчанка (з Гомеля)... З Гданьска сваім аўтобусікам прыехала „Мроя”, потым паявіўся на сваім табары „Уліс”. Публіка падкарочвала час чакання, узіраючыся ў відэазапіс „Вудстоку” (амерыканскага). Праграму другога дня зноў трэба было перагледзець і змяніць.

Цяперака гукаўзмацняльнікі былі расстаўлены пад дахам, метраў дваццаць-трыццаць ад учарашняй сцэны.

Пакуль хлопцы шыхтаваліся пры апаратуры, я дарэмна шукаў Валіка С., ці, дакладней кажучы, ягоных шыкоўных ботаў з амерыканскай скуры. Прыйшлося пачынаць фестываль у сваіх паслякамуністычных сандаліках. Бася тым разам выступіла ў спаднічцы і кашульцы з надпісам „Басовішча”. Усё пачалося зноў роўна а восьмай. Ажно дзіва брала на такую пунктуальнасць...

Пачалі працавітыя хлопцы з „Грамады”. Публіка завыла і дала сабе волю. Гуляй душа... Дах над пляцовачкай рыпеў і трымцеў ад жаху, але ж стрываў да канца.

Потым была Кася Камоцкая. Цудоўная, неверагодная... Людзі папрысядалі на падлозе, пазапальвалі свечкі... Божа, забяры маё жыццё, уратуй маю Айчыну... Мне, як большасці прысутных на канцэрце, давялося слухаць Касю ўпершыню. І душа мая насыцілася салодкім дурманам-атрутай, і над сэрцам маім учыніўся здзек...

Адзін з басаўскіх эмігрантаў падараваў Касі нейкую дужа заходнюю куртку, спрабуючы прыдабрыцца... Я, было, памкнуўся аддаць ёй тыя амерыканскія боты, але ж ніяк не змог знайсці таго эмігранта Валіка С. Нешта мне намазолілі душу яны, тыя эмігранты ў Барыку...

Спадарыня Вольга Цярэшчанка з Гомеля, якую год назад я ўбачыў і паслухаў у Грыгішках пад Вільняй, не падманула маіх спадзяванняў. „Зараз вы пачуеце нешта цудоўнае”, — анансаваў Вольгу Сяржук Сокалаў-Воюш, які ў той момант пераняў канферанс на „Басовішчы”. І сапраўды. Высокі адшліфаваны голас, старанна падабраныя тэксты. Зорка. Басаўцы скамянелі ад захаплення.

А сэрца маё поўнілася Касяй...

Бардаўскую частку другога дня „Басовішча” закончыў Алесь Камоцкі. Фестываль дасягнуў нечуваных вышыняў...

Але гэта было далёка не ўсё!

Фелікс Аксёнцаў прачытаў сваім трагічным голасам кавалак пра чайкі, якія лёталі туды-сюды над галавою дублінскага Уліса — Леапольда Блюма. І на сцэну выйшаў мінскі „Уліс”... Раптам зрабілася цесна ў Барыку. Пачалася нейкая фантасмагорыя пад гарадоцкім небам. Гэта „Бесовішча”, акрэсліў тое, што дзеялася на сцэне і сярод публікі, мінскі пісьменнік Уладзімір Арлоў. Фактычна, гэтага нельга апісаць пяром. Агульнае шаленства. Публіка „шавялася” з першай песні і трывала ў экстазе да апошняй. А хлопцы давалі жару, атручваючы юныя душы разбуральным, радыкальным, экстрэмісцкім, урбаністычным, старажытным рокам...

Трохі перадышкі, і на сцэну выйшла „Мроя”. Трэба было не абы-якой вытрымкі, каб разбавіць атруту „Уліса” і падсыпаць сваёй. Але „Мроі” гэта ўдалося. Хлопцы зайгралі канцэрт, як у гіпнатычным трансе. Мяне асабіста ашаламіў сваімі сцэнічнымі магчымасцямі вакаліст і клавішнік гурта Лявон Вольскі, раз драпежны і напорысты, раз іранічна-лірычны і сарамяжлівы... „Мроя” поўнасцю выявіла свае каласальныя магчымасці і пасеяла ў душах беластоцкіх рок-фанаў зерне раздвоенасці: „Уліс” ці „Мроя”?

Дзяўчаты з БАС у той вечар панадрывалі сабе горлы. Для іх свет сышоўся на Сяржуку Краўчанку з „Уліса”...

Мурашкі мне бегалі па спіне ад страху, калі трэба было падыйсці да мікрафона і сказаць усім дабранач, да наступнага „Басовішча”...

Нейк абышлося, публіка растапілася ў начным цемрыве, тэхнікі пачалі звіваць кабелі...

Ууух!