Тэкст чарговага паслання Аляксандра Лукашэнкі да народа і яго лепшых прадстаўнікоў у Нацыянальным сходзе ўжо “разадралі” на цытаты, якія актыўна абмяркоўваюцца ў СМІ і такіх незабароненых пакуль што для грамадскага карыстання месцах, як курылкі на прадпрыемствах і ўстановах.
Хоць нічога незвычайнага ў гэтай прамове не было, паколькі прынцыпы яго палітыкі дастаткова вядомы, але ж тут і там сустракаюцца перлы-дзівосы, з дапамогай якіх ён спрабуе зрабіць гэтую банальшчыну надзвычай уражлівай для простага чалавека. Узяць хоць бы тую ж прыватызацыю беларускіх прадпрыемстваў, якая ужо даўно зрушылась з месца, але быццам бы нікуды і не пайшла. Чаму? А таму, распавёў Лукашэнка па ўсіх “нацыянальных тэлеканалах”, што бандыцкай прыватызацыі ў Беларусі не было і не будзе. Гэтакая выснова можа сапраўды ўразіць чалавека, якія нагледзіўся расійскіх серылаў пра бандыцкі Пецярбург. Увогуле расійская прыватызацыя была, мусіць, сацыяльна несправядлівай, але збольшага законнай. У тым сэнсе, што актыўныя ўдзельнікі прыватызацыі больш і лепш іншых выкарысталі вакно магчымасцей, якое да гэтае пары не зачынілась, таму гэты працэс мае свой працяг. Сёння не злічыць фірмы, капіталы і краіны, якія інвестуюць у расійскую эканоміку. Прычым ужо даўно ствараюць прадпрыемствы з чыстага ліста. Увогуле, усе надзеі сучаснага расійскага кіраўніцтва, якое прыйшло да ўлады на хвалі незадаволенасці грамадства першапачатковымі вынікамі прыватызацыі, свае надзеі на мадэрнізацыяю эканомікі, без чаго гэта краіна канчаткова згубіць апошні шанец стаць канкурэнтаздольнай, звязваюць менавіта з новымі прадпрыемствамі.
А дзе дзеўся той жа Ліпецкі трактарны завод? Яго закрылі, бо ён не спатрэбіўся ніводнаму прыватнаму інвестару, а дзяржава палічыла немэтазгодным траціць грошы на падтрымку вытворчасці трактараў, якія ніхто не хоча купляць. Танней купляць іх ў Мінску, дзе завод з нейкай незразумелай нагоды лічаць “фамільным срэбрам беларусаў”.
Што да бандытызму, то гэта, можна сказаць, комплексны від злачыннасці, які ўключае і крадзяжы, і рабаўніцтва, і махлярства але трымаецца на ўсім вядомым гоп-стопе – вазьмі цагліну, аддай паліто!
Кажуць, што лепш з разумным згубіць, чым з дурнем знайсці. Бо калі што згубіш, то праз нейкі час з чалавекам разумным, магчыма, заробішь на новую рэч. А з дурнем да скона жыцця будзеш дзяліць знойдзенае. Пакуль не адрачэшся. Такая ж банальшчына пра прыватызацыю, якая для нас не самамэта. Маўляў, толькі сродак для дасягнення мэты – росквіту краіны і народа. Ну і што, у Расіі за апошні год два разы сур’ёзна падвышаўся памер пенсіі па старасці і зараз у сярэднім ужо наблізілась да 300 долараў. Да нашай сярэдняй зарплаты.
Ды і Бог з ёй, з Расіяй. Лукашэнка хваліцца, што ён любіць яе больш за ўсіх нас, і хай яно так і будзе. Але ж прыклад нелюбімай ім Амерыкі, якая і лічыцца і з’яўляецца самай паспяховай ў эканамічным плане краінай свету, сведчыць, што рынкавая эканоміка гэта настолькі магутны сродак для забаспячэння народнага дабрабыта, што для ўрада, ды і народа, ён можа быць і самамэтай. У міжваенныя гады ў амерыканскім грамадстве панавалі ізацыліяністцкія настроі, бо янкі не хацелі удзельнічаць у еўрапейскай вайне – хай самі разбіраюцца. Таму фактычна ў краіне не было ваеннай прамысловасці. Але літаральна праз год-другі былі пабудаваны заводы, здольныя да вытворчасці найвялікшых аб’ёмаў узбраення самай высокай якасці. Гэта былі дзяржаўныя прадпрыемствы. І адразу пасля заканчэння вайны ўсе яны былі прыватызаваны. Як кажуць, за медныя грошы былі перададзены прыватным фірмам. Лозунг гэтай кампаніі быў такім: “Заводы створаны за грошы падаткаплацельшчыкаў і таму павінны трапіць у добрыя рукі!” Для амерыканцаў відавочна, што лепшых рук, чым рукі ўласніка, прадпрыемствы ніколі не мелі і мець не будуць”.
Пры Лукашэнку ў Беларусі пабудавана толькі адно значнае прадпрыемства – Шклоўскі папяровы завод, які да гэтае пары не здолеў нааладзіць вытворчасць лепшай па якасці паперы.
Лукашэнка мае рацыю. На самой справе ў нас усё робіцца не так, як у людзей. Але гэткая адзнака для беларусаў была заўжды адмоўнай – што ты не мог зрабіць па-людску? Вельмі прагматычная і празрыстая пазіцыя. Усё астатняе, “эканамічнае, маральнае і духоўнае” – гэта чыстай вады лухта, за якой стаіць і няведанне, і няўменне, і шчымлівая жаданне як мага болей быць галоўным на раздачы, паколькі менавіта такая пазіцыя дазваляе бясконца быць пры ўладзе.
Вядомы анекдот пра тое тое, як Лукашэнка кіраваў пераборкай бульбы па тэлефоне, дае такое глыбокае тлумачэнне гэтай сітуацыя, да якога нічога нельга ні прыбавіць, ні адняць.
Некалі нехта запусціў у сродкі масавай інфармацыі іранічны выраз пра фамільнае срэбра беларусаў. А ён нечакана згубіў усю сваю іранічнасць. Нейкім чынам у ім абагульнілісь пратэстныя настроі пакрыўджаных патрыётаў, і адначасова ўпэўненасць, што Беларусь мае здабыткі, якія імкнуцца выманіць яе квапныя, перш-наперш, усходнія суседзі. А потым атрымаецца як з героем Буркова ў камедыі “Гараж”. Той дзеля будаўніцтва “продал Родину” (уласна, бацькоўскі дом у вёсцы), а яго спрабуюць выкрасліць са спісу сябраў гаражнага кааператыва.
Не, мы не такія дурні! І таму эканамічная палітыка Лукашэкні, які не першы раз гэтае “не” рашуча агучвае, знаходзіць спачуване нават у стане яго непрымірымых палітычных апанэнтаў. Усё – толькі не гэта! Калі нехта з нешматлікіх эканамістаў-лібералаў выказваў меркаванні наконт неабходнасці большага прагматызму, яго адразу прыпіралі да сценкі. Пікетаванне прахадной МАЗа ў знак пратэсту супраць быццам бы аб’яўленай яго прыватызацыі, якое некалькі гадоў таму правялі байцы Маладога фронта, выглядае вельмі характэрнай падрабязнасцю прынцповага адзінства прэзыдэнта і радыкальнай, так бы мовіць, апазіцыі ў стратэгічным плане.
Супярэчнасці звычайна сыходзяцца. Таму не было б нічога дзіўнага, каб у гэтай акцыі маладафронтаўцаў падтрымаў БРСМ. Але яму, мусіць, не загадвалі. Патрэбы такой не было.
Вядома, уладзе заўсёды патрэбны грошы, але ніколі няма адказу на пытанне, колькі гэтых грошай на самой справе патрэбна. Калі, прыкладам, раздаваць іх першаму-лепшаму пакуль не адваліцца, дык ніякіх грошай не хопіць. А калі на “крышачку мясца”, дык лепш абыйсціся медным грошыкам. Бо вядома ж, грошы людзей псуюць. Асабліва калі іх адразу і шмат. Нават самыя разумныя дурнеюць. Мусіць да такой высновы прыйшоў Міхаіл Мясніковіч, калі трапіў на пасаду прэзыдэнта Нацыянальнай акадэміі навук і стаў адказным за інавацыйнае развіццё эканомікі. Для пачатку ён вырашыў хоць прыблізна вызначыць рэальныя патрэбы прадпрыместваў у інвестыцыях, з нагоды чаго даручыў міністэрствам скласці спіс плануемых прадпрыемствамі інвестыцыйных праектаў. Каб выдзяліць грошы тым, каму яны на самой справе патрэбны і хто абяцае іх з толкам выкарыстаць. Лічоныя кіраўнікі прыслалі свае заяўкі, бізнес-планы. Астатнім, як аказалась, грошы не патрэбны. Не, калі б проста раздавалі, то калі ласка. А браць крэдыт, нават ільготны, пад абяцанне выканаць прыбытковы праект, навошта такі галаўны боль дырэктарам.
Таму прадпрыемтсвам, як і пры саветах, даводзяцца планы па мадэрнізацыі, пад іх выдаткошваюцца грошы, якія, як і пры саветах, патрэбна (кроў з носу!) асвоіць. Вось і асвойваюць. Гэтак жа, як і пры саветах.
Зразумела, у гэтай справе ёсць нюансы, але усё вызначаецца галоўным – нежаданнем дырэктарату прымаць на сябе адказнасць, звязаную з атрыманнем якіх заўгодна інвестыцый. Таму бальшыні прадпрыемстваў грошы пратэбны толькі для ажыццяшлення бягучай дзейнасці. Пры недахопе іх можна пызычыць у банках, нават на зарплату, як гэта зараз робіцца.
Адзначым яшчэ раз – супярэчнасці сходзяцца. Такая вось інертнасць дырэктатрату ў распараджэнні даручанай ім дзяржаўнай маёмасці ёсць спецыфічная форма яе прыватызацыі. Яны кіруюць прадпрыествамі так, як патрабуе гэтага начальства, але ж і з улікам уласных інтарэсаў – каб з трэскам не выгналі, каб, крый Бог, не пасадзілі, каб раней не адправілі на пенсію, а ўсё атстаняе ад кіруючай пасады само сабой прыкладзецца. Маўляў пятух па зярняці клюе, а мае на жыццё дастаткова.
Вядома ж, у працэсе эвалюцыі арганізмы прыстасоўваюцца да змянення акружаючага наваколля і, калі меркаваць па выжыўшых, менавіта яны змяняюцца згодна з закладзенымі прыродай мэтамі. Усё астатняе, ці горшае, ці лепшае не праходзіць праз сіта натуральнага адбора. А калі адбываецца нешта ненатуральнае, то лепш бы яго і не было. Некалькі гадоў таму, нейкія людзі, мусіць ураджаныя “агурковымі” поспехамі шклоўскіх вяскоўцаў, вырашылі паставіць гэту справу на прамысловую аснову. Таму адбудавалі велізарныя парнікі, уклалі ў гэту справу велізарныя грошы беларускіх падаткаплацельшчыкаў, выпісалі галандскую расаду ды хімікаты (кажуць нават чмялёў адтуль завезлі, каб лёталі паміж тычынкамі і песцікамі) і наладзілі вытворчасць ранніх памідораў, якія ў сакавіку каштуюць у два разы больш за курынае мяса, у красавіку прадаюцца па кошце ялавічыны першай катэгорыі, у маі за іх просяць столькі ж, колькі каштуе паўлітроўка крамнай гарэлкі. І ў незалежнасці ад пары года беларускія памідоры каштуюць нашмат даражэй за турэцкія, іспанскія ды ізраільскія.
А з надыходам лета цяплічныя памідоры ўвогуле нікому не патрэбныя, бо на рынак імкнуцца трапіць балгарскія, мардаўскія ды херсонскія, якіх спрабуюць спыніць высокімі мытнямі, как даць месца брэсцкім.
Вось так і жывем. Грошай не лічым, набываем па крысе “фамільнага срэбра”. Якое на самой справе нельга ні прадаць, ні прыватызаваць цывільнымі спосабамі. Толькі па-бандытску – вазьмі цагліну, аддай паліто!
Але сярод тых патэнцыйных івестараў, людзей з грашыма, неабачлівых асоб не шмат. Злавіць каго “на гоп-стоп” не атрымаецца.
Кажуць, што ў Беларусі эканоміка падмята палітыкай. Але пад такім “памідорным ракурсам” нельга нічога разабраць. Дзе тут тая палітыка, дзе эканоміка. Чаму нафту вязем аж з Венесуэлы, а завозіць памідоры з Турцыі адказваемся. Чым адно горшае, чым другое лепшая?
Тлумачэнне можа быць адно – над усім пануе любоў да родных памідораў. Хоць моршчымся, але ядзім. Як той чэхаўскі герой агрэст – хоць кіслы, але свой.