колер старонкі


Ня ўсё роўна

ад рэдакцыі

 

Год, што пражылі, здаецца, можна назваць годам бяз вынікаў. Дурныя выбары ў нас, адны размовы пра лібэралізацыю. Бязглуздыя атакі камікадзэ на Амэрыку, вайна ў Аўганістане, якая мала што мяняе ў сьвеце на лепшае. Як гэтая безвыніковасьць кантрастуе са зьменамі ў гарадзкім асяродзьдзі, асабліва менскім! Адчыніўся вялікі чысты вакзал, перамянілася — не пазнаць — Камароўка, паўсталі новыя кірмашы, мэтро падабралася да богам забытых Шабаноў. Мала засталося ў горадзе сем’яў, у якіх няма машыны. Блішчаць нікелем фальксвагены, шархацяць мільёнамі купюраў снобскія крамы на менскіх праспэктах. Усё болей на іхных паліцах тавару раскошы — нейкіх залачастых рамачак, ні на што не прыдатных статуэтак, кармазынавых каптуроў сьвятога Мікалая. Добрыя людзі болей рабілі, ліхія меней пілі, таму краіна пабагацела. Нягледзячы на сухое лета, на завейны, маразявы сьнежань. Але не ўрадзіла бульба, значыць, цяжэй дажыць да наступнага лета старым, адзінокім. Іхнае быцьцё ўсё яшчэ моцна залежыць ад бульбы, ад сваіх рук. Такіх трывалых, але такіх змучаных. Ад’едзь ад аснаванай каляднымі гірляндамі сталіцы — стаяць, нібы выклятыя, вёскі, цэрквы зь цемрашаламі на амбонах, канторы прыгону.

Ня верыцца ў трываласьць усяго гэтага гарадзкога ажыятажу, калі побач такая цемра без прасьвету.

2001 год не прынёс адчуваньня стабільнасьці. Нібы ляціш самалётам, якому нідзе не даюць дазволу на пасадку. Выправіліся з Савецкага Саюзу, а дзе прызямлімся — невядома. Слабыя не вытрымліваюць такога пералёту. Большасьць адкладае сапраўднае жыцьцё на пасьля. Выкінуцца з парашутам за борт лічыцца посьпехам. Ну што, зямля не прымае? А лётчык усё кідаецца ў гістэрыцы ад порту да порту? Так даўно ганяе нас, што хутчэй паверыш у немінучы крах, чым у шчасьлівы лёс. У людзях страцілася пачуцьце мэты.

Калі 90 гадоў таму Янка Купала “са шчырым прыветам яе пяцілетняй ідэёвай працы для многамільённага беларускага народу” зьвяртаў да “Нашай Нівы” на яе першы юбілей гэткія радкі:

“З добрых думак, што мы кінем

На сваім дзірване,

Будзе ўнукам нашым жніва —

Доля, панаваньне”.

Тое панаваньне тымі нашаніўцамі і самім Купалам разумелася адназначна, гэта не была нейкая мэтафара. І ў мэце ніхто не сумняваўся.

Сьведамая сваёй мэты і цяперашняя рэдакцыя “Нашай Нівы”. Наш прынцып — рэалізм. Другі прынцып — цэнтрызм, аб’ектыўнасьць, незалежнасьць. Нас дзяўбуць і зьлева, і справа, бо кожны хацеў бы, каб “Наша Ніва” падтрымлівала яго. Аднак незалежная цалкам беларуская газэта ў Менску пакуль адна, і ў такой сытуацыі ёй не выпадае быць агітацыйнай ці прапагандысцкай. Газэта будзе рабіцца з заўсёднай думкай пра нацыянальныя інтарэсы і мацаваньне дзяржаўнасьці. Трэці прынцып — увага да слабых, павага да ўсіх меншасьцяў і пагарджаных большасьцю. Такіх прынцыпаў будзем трымацца налета. Газэта будзе і далей вельмі крытычна ставіцца да паскудзтваў растучага капіталізму, несправядлівасьцяў у разьмеркаваньні нацыянальнага багацьця, непавагі да права і звычаяў.

Часта можна пачуць сакрамэнтальнае “а разве не всё равно?”. Нават калі гаворка ідзе пра такія рэчы, як зьнікненьне людзей ці будучыня мовы. Ня ўсё — роўна. Ня ўсё адно, працаваць там, дзе трэба ісьці на ўгоды з сумленьнем, ці — на самога сябе. Чытаць па-расейску ці па-беларуску. Пісаць правапісам, уведзеным для лягчаньня нашае мовы, ці зь мяккімі знакамі. Жыць дзеля грошай ці маліцца на іншага бога. Ня ўсё роўна, што глядзець, як апранацца, што есьці, у якім двары жыць. Неабыякавасьць — зарука маральнае непадкупнасьці. А непадкупнасьць сёньня і ёсьць нязломнасьцю.

Асобнае слова да тых, хто з тых ці іншых прычынаў спыніў сваю падпіску на “НН”: усё ж іншай такой газэты, як “НН”, — няма.

Андрэй Дынько