Сёньня адно з самых блюзьнерскіх пасьля “Ражджаства” сьвятаў – “Хрышчэньне/Вадохрышча/Вадахрост”. Сёньня ці заўтра пры культавых будынках РПЦ будуць стаяць чэргі зь вёдрамі ды каністрамі.
Па сваёй богаагіднасьці – гэта, пэўна, самае найагіднейшае мерапрыемства. Бо ёсьць нічым іншым, як паганскім чарадзействам. Гугленьне па фразе “крещение 2023” выдае нешта накшталт: “Когда самая сильная вода на Крещение?” Нібыта Бог – Алан Чумак, які заражае ваду нейкай “энэргіяй”. Бог – ёсьць Дух, які жыве штодня ў кожным верніку (сапраўдным, які памёр для гэтага сьвету ды духова ўваскрос ў Мэсыі Яўгушуа (ака Ісус/Езус). Думаць, што Богам можна маніпуляваць дзеля стварэньня цудадзейнага зельля – ёсьць вар’яцтвам ці банальным цемрашальствам.
Зноў такі, тут мы маем і падмену тэрміналягічных паняцьцяў. Слова “хрышчэньне (крещение)” асацыюецца с папоўскім крыжам, якім той робіць “цудадзейныя” пасы, што гэны Гары Потэр чароўнай палачкай. Але гамана ідзе пра звычайнае занурэньне ў ваду (ад грэцкага βαπτίζω (бапцізо) – старажытны абрад юдэяў, які меў чыста сымбалічнае значэньне на знак пасьвячэньня. Таму ў ангельскай мове ёсьць Джон Баптыст (John the Baptist), а не “Ян/Іаан Хрысьціцель”. Ён занураў людзей у ваду дзеля юдэйскага рытуальнага ачышчэньня. Магію сюды ўвялі паганы. А ў наш час гэта набыло відавочнае адценьне аланчумакоўшчыны ды гарыпотэраўшчыны. У лепшым выпадку ад такой вады нічога ня будзе. Горшы выпадак (як пакараньне за блюзьнерства) я не бяруся разглядаць – не мая кампэтэнцыя.
І не турбуйцеся таму, кажучы: “Што будзем есці?”, або “Што будзем піць?”, або “У што будзем апранацца?”
Бо гэтага ўсяго пагане шукаюць, але Айцец ваш, Які ёсць у небе, ведае, што вы ва ўсім гэтым маеце патрэбу.
Дык шукайце ж перш Валадарства Божага і Яго справядлівасці, а ўсё іншае дадасца вам. Мацьвея 6:32